Лукашэнка даручыў ураду пачаць перамовы аб транспартаванні нафты ўзамен расейскай.

«Абуваць боты гумовыя, і пачынайце: Клайпеда, Вэнтсьпілс, Адэса, „Адэса — Броды“ — дзе вы лічыце патрэбным», — загадаў кіраўнік Беларусі. Перамовамі будзе займацца першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка.

Лукашэнка запатрабаваў ад ураду максымальна паскорыць гэтую працу і да канца бягучага году забясьпечыць транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты да нафтаперапрацоўчых заводаў з портаў, куды яна будзе дастаўляцца морам.

«Неадкладна, на працягу першага паўгодзьдзя, ня проста мне даць адказ, а прасунуцца ў лягістыцы паставак нафты з Вэнэсуэлы», — загадаў Лукашэнка ўрадоўцам.

У траўні Беларусь чакае пробную партыю нафты, 80 тысячаў тон, з Вэнэсуэлы. Плянуецца, што нафта будзе дастаўляцца марскім шляхам да Адэсы (Украіна), затым да Мазырскага НПЗ чыгункаю.

Сёлета Беларусь плянуе набыць у Вэнэсуэле 4 мільёны тон нафты.

Раней Украіна прапаноўвала Беларусі далучыцца да праекту «Адэса — Броды», што прадугледжвае перавод нафтаправоду ў авэрсны рэжым пры ўмове гарантаванага аб’ёму паставак.

Нафтаправод «Адэса-Броды», будаўніцтва якога скончана ў 2001 годзе, першапачаткова плянаваўся для пампаваньня касьпійскай нафты ў Эўропу.

Украіна цягам двух гадоў з моманту збудаваньня нафтаправоду беспасьпяхова спрабавала дамовіцца аб пампаваньні касьпійскай нафты па ім у прамым кірунку. Не атрымаўшы канкрэтных прапаноў ад кампаніяў, урад Украіны пры канцы чэрвеня 2004 году дазволіў выкарыстоўваць трубаправод для пампаваньня расейскай нафты ў рэвэрсным напрамку.

Для транспартаваньня касьпійскай нафты празь Беларусь у Заходнюю Эўропу нафтаправод «Адэса-Броды» трэба перавесці ў прамы (авэрсны) рэжым.

Праект падаўжэньня нафтаправоду «Адэса-Броды» ў напрамку Плоцку і Гданьску (Польшча) плянуецца рэалізаваць у 2011 годзе.

У канцэпцыі энергабясьпекі Беларусі да 2020 году, зацьверджанай у верасьні 2007 году, прадугледжваецца забясьпечыць да 2011 году альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты ў аб’ёме прыкладна 4 млн. тон (20% ад цяперашняга аб’ёму закупаў) праз порты Балтыйскага і Чорнага мораў, піша Інтэрфакс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?