У Мінску больш як 200 бацькоў адмаўляюцца ад правядзення ўсіх прышчэпак іх дзецям ва ўзросце да двух гадоў.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 7 красавіка паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская.

Яна сказала, што гэта адбываецца з‑за розных прычын, асноўнымі з якіх з’яўляюцца

асцярогі ўзнікнення негатыўнай рэакцыі ў дзяцей пасля прышчэпак, а таксама рэлігійныя меркаванні.

Медыкі падчас Еўрапейскага тыдня імунізацыі, які пройдзе ў Мінску з 24 красавіка па 1 мая, будуць праводзіць тлумачальную працу сярод такіх бацькоў. «Сёлета мы будзем імкнуцца нацэліцца на індывідуальную працу або на кансультацыі для невялікіх груп бацькоў, якія выказваюць адмову», — зазначыла Глінская. Паводле слоў урача‑педыятра гарадскога цэнтра вакцынапрафілактыкі Андрэя Зыля, многія бацькі «прыходзяць на прышчэпкі іх дзецям насцярожанымі або ўсхваляванымі, аднак пасля гутаркі з урачом супакойваюцца і станоўча ставяцца да гэтай працэдуры». Глінская таксама паведаміла, што на працягу тыдня імунізацыі пройдуць пасяджэнні круглых сталоў, семінары. У дзіцячых і дарослых паліклініках будуць арганізаваны кансультацыі педыятраў, неўролагаў, алерголагаў, імунолагаў, эпідэміёлагаў па праблемах імунапрафілактыкі.

Будзе выпушчаны спецыяльны буклет аб інфекцыях і іх прафілактыцы, які плануецца раздаваць маладым маці, у тым ліку ў радзільных дамах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?