З 10 па 13 красавіка ўезд на тэрыторыю зон радыеактыўнага забруджання для наведвання могілак будзе ажыццяўляцца без пропускаў. Гэтая штогадовая практыка звязана з днём памінання спачылых — Радаўніцай.

Як паведаміў галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння Аляксандр Пяршко, у згаданыя дні могілкі будуць адкрытыя для наведвання да 17 гадзін. Пры ўездзе на тэрыторыю зон на кантрольна‑прапускных пунктах наведвальнікі павінны зарэгістравацца, таму неабходна мець пасведчанне асобы. Тэхнічныя пашпарты машын будуць заставацца на КПП да вяртання ўладальнікаў аўтамабіляў з зоны.

У журнале рэгістрацыі будзе фіксавацца колькасць прыбыўшых і выбыўшых грамадзян. На КПП людзі будуць інструктавацца па правілах пажарнай і радыяцыйнай бяспекі. «Ім забаронена будзе адхіляцца ад згаданага маршруту, раскладаць вогнішча», — сказаў Пяршко. У якасці прыкладу ён прывёў леташні выпадак, калі пасля знаходжання на могілках у Веткаўскім раёне людзі паехалі, пакінуўшы там вогнішча, якое стала прычынай вялікага пажару, было знішчана амаль 100 га расліннасці.

Сёлета на ўсіх могілках будзе арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў МНС, міліцыі і адміністрацыі зон, якія будуць сачыць за выкананнем парадку, пажарнай і радыяцыйнай бяспекі.

Паводле слоў Пяршко, на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў адселеных вёсках знаходзяцца больш як 140 могілак. У вобласці на гэты час дзейнічаюць 4 КПП — тры ў Чачэрскім раёне і адзін — у Добрушскім. На тэрыторыі Палескага запаведніка дзейнічаюць свае КПП, якія закрываюць доступ для несанкцыянаванага пранікнення грамадзян. Распрацаваны 26 маршрутаў аўтапатрулявання.

У сувязі са змяненнем прававога статусу некаторых тэрыторый у зоне, з часткі забруджаных радыенуклідамі тэрыторый зняты кантрольна‑прапускны рэжым у Веткаўскім і Хойніцкім раёнах. Разглядаецца пытанне аб зняцці кантрольна‑прапускнога рэжыму на частцы тэрыторый Кармянскага і Буда‑Кашалёўскага раёнаў. «Такім чынам, тэрыторыя, якая знаходзіцца пад кантролем адміністрацыі зон, крыху звужаецца», — зазначыў Пяршко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?