Што за праклятае месца — Катынь! Яно праклятае цяпер у гісторыі двойчы — у 1940-м і ў 2010-м . Піша Віталь Тарас.
На месцы пахавання тысяч польскіх афіцэраў, расстраляных НКВД, павінна была адбыцца жалобная цырымонія з удзелам прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Разам з ім у самалёце кіраваліся на цырымонію і разбіліся 97 чалавек. Частка польскай эліты.
Як і семдзесят гадоў таму.
Такое ўражанне, быццам нешта зрушылася ў часе, змясціўся цэлы яго пласт.
Раніцай у суботу, яшчэ да таго, як здарылася авіякатастрофа, прыйшло паведамленне з Камчаткі — там лавінай заваліла верталёт з нямецкімі турыстамі. Загінулі 10 чалавек. Дзве гэтыя катастрофы нельга супаставіць паводле маштабу. Але я ўзгадаў яе не для гэтага.
Кажуць, каб выклікаць рух снежнай лавіны, не патрэбны нават стрэл — часам дастаткова аднаго гучна вымаўленага слова. Мне падаецца, і на нас абрынулася мінулае, як снег. Колькі словаў было сказана ў міждзяржаўных спрэчках вакол Катыні. У Савецкім Саюзе даводзілі, быццам палякаў расстралялі гітлераўцы. Потым, калі былі абнародаваныя дакументы, у тым ліку, рашэнне палітбюро ЦК ВКПБ з рэазалюцыяй Сталіна аб расстрэле польскіх ваеннапалонных без прад’яўлення абвінавачвання, пачалі шукаць апраўданне гэтаму злачынству.
Пуцін падчас жалобнай цырымоніі ў Катыні, у якой ён удзельнічаў разам з польскім прэмьерам Тускам, казаў пра «дзесяцігоддзі цынічнай маны». Але і гэтая цырымонія, і паўпраўда ў вуснах расійскага прэм’ера не паставілі кропку ў гісторыі. Усё яшчэ не расскарэчаныя многія матэрыялы следства расійскай пракуратуры па катынскай справе, застаюцца за сямю пячаткамі архівы ФСБ Расіі і КДБ Беларусі — у прыватнасці, «беларускі спіс» расстраляных.
У нейкім сэнсе другая сусветная вайна ўсё яшчэ застаецца няскончанай.
Гэта нагадвае гіганцкі ледавік гісторыі, у якім пахаваныя мільёны ахвяр фашызму і сталінізму — ахвяр Другой сусветнай вайны. Вучоныя даўно абследвалі паверхню гэтага ледавіка, абмерылі з усіх бакоў, працягваюць рабіць замеры і вывучаць. Знешне ён нерухомы. Але вось ён незаўважна для назіральнікаў скрануўся з месца — усяго на некалькі міліметраў ці нават мікронаў, і адбылася катастрофа. Што сталася тым вырашыльным фактарам, што скранула ледавік з месца — чыёсьці слова ці маўчанне?
З тэхнічнага боку аварыя пад Смаленскам мае тлумачэнне — загадкі тут, як быццам, няма.
Мы не зможам адказаць на гэтае пытанне. Магчымасці чалавечага розуму ўвогуле абмежаваныя, асабліва перад абліччам такіх катастроф.Але якая сіла прымусіла польскіх пілотаў
Ту-154 раз за разам спрабаваць прызямліцца ў густым тумане? Чаму было не паляцець у Мінск (кажуць, ім гэта прапанавалі)?
Але немагчыма не думаць пра тое, што смаленская зямля, шмат разоў палітая крывёй, звязаная з векавечнай гісторыяй Беларусі. У ірвах Катынскага леса пад Смаленскам побач з палякамі ляжаць і беларусы. І яшчэ расійцы. І памяць не адпускае нас усіх.
Вечная памяць загінулым.