Не менш за 3,5% зорак нашай Галактыкі могуць мець падобныя да Зямлі планеты, якія складаюцца з цвёрдых горных парод, — гэта складае прыкладна мільярд светаў, невялікая частка якіх можа быць заселеная жывымі арганізмамі,
паведамляецца ў дакладзе навукоўцаў, які быў прадстаўлены ў аўторак на штогадовай нарадзе Каралеўскага астранамічнага таварыства ў Вялікабрытаніі.

Выяўленне планет за межамі Сонечнай сістэмы з’яўляецца ўсё яшчэ экстраардынарнай астранамічнай задачай, а выяўленне невялікіх планет, супастаўных па сваіх параметрах з Зямлёй, — задача, не вырашаная да сёння. Нягледзячы на тое, што астраномы ўжо выявілі ў космасе некалькі так званых супер-Земляў — планет, якія маюць падобную да Зямлі будову, але большыя масы і памеры, ад масавага адкрыцця невялікіх планет астраномаў аддзяляюць яшчэ дзесяцігоддзі ўдасканалення астранамічных метадаў і інструментаў.

Тым не менш, група навукоўцаў на чале з Джэем Фарыхі з Лестэрскага універсітэта ў Вялікабрытаніі паказала, што нашая галактыка Млечны Шлях можа змяшчаць шмат планет, падобных па будове да Зямлі, і частка з іх, зыходзячы з чыста статыстычных меркаванняў, непазбежна павінная мець умовы, неабходныя для ўзнікнення жыцця.

У сваёй працы навукоўцы звярнулі ўвагу на спектр свячэння асаблівага класу зорак — белых карлікаў, якія з’яўляюцца, згодна з сучаснымі ўяўленнямі астраномаў, адной з апошніх стадый эвалюцыі любой зоркі, падобнай да нашага Сонца па масе. У працэсе сваёй эвалюцыі такія зоркі праходзяць спачатку стадыю чырвонага гіганта, падчас якой іх дыяметр можа павялічыцца ў 200 разоў.

Адбываецца гэта ад таго, што ў нетрах зорак заканчваецца вадароднае паліва, што падтрымлівае іх свячэнне мільярды гадоў, ядро пачынае сціскацца, дадаткова разагравацца і «распальваць» тэрмаядравыя рэакцыі ў вонкавых слаях зоркі, што і прыводзіць да пашырэння.

Гэтае пашырэнне настолькі вялікае, што выходзіць за межы арбіт найбліжэйшых да зоркі планет, якімі ў выпадку Сонечнай сістэмы з’яўляюцца малыя планеты, у тым ліку і Зямля. У выніку рэчыва планеты пераходзіць да зоркі. Паступова «набраклая» зорка пачынае сціскацца ў іншую форму — так званага белага карліка, а вакол яе фармуецца тонкая атмасфера, якая змяшчае элементы, што некалі знаходзіліся ў складзе планет.

Аналіз хімічнага складу гэтай атмасферы лёгка ажыццявіць, што ў сваёй працы і зрабілі навукоўцы, якія паказалі, што

з 146 вывучаных імі белых карлікаў 109 маюць прыкметы таго, што некалі ў мінулым у стане чырвоных гігантаў яны паглынулі свае планеты, якія складаліся з цвёрдых горных парод.

Экстрапаляцыя гэтых дадзеных на ўвесь Млечны Шлях дазволіла навукоўцам выявіць, што ў нашай галактыцы адначасова можа існаваць прынамсі каля мільярда землепадобных планет, частка з якіх можа быць заселеная якімі-небудзь формамі жыцця.

На думку планетолага Джонатана Фортні, словы якога прыводзіць выданне Science NOW, гэтая праца астраномаў паказвае, што ўтварэнне падобных да Зямлі планет — больш распаўсюджаны працэс, чым можна было меркаваць да гэтага часу, а таму такіх планет у Млечным Шляху можа быць і нашмат больш за мільярд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?