У Бярозе падчас пажару ў кватэры шматпавярховага жылога дома ратавальнікі эвакуявалі 20 чалавек.

Як расказаў прэс‑сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, 14 красавіка ў 15.42 у цэнтр аператыўнага кіравання Бярозаўскага райаддзела па НС паступіла паведамленне ад жыхара пяціпавярховага дома на вуліцы Леніна. Ён праінфармаваў аб пажары ў кватэры на другім паверсе будынка.

На месца здарэння праз тры хвіліны прыбыў аўтамабіль хуткага рэагавання, дзве аўтацыстэрны пажарнай аварыйна‑ратавальнай часткі № 1 Бярозы.

«Да гэтага часу з акна кухні кватэры, дзе адбыўся пажар, быў бачны агонь і ішоў дым. З пад’езда, у якім размешчана кватэра, ратавальнікі эвакуявалі 20 чалавек, якія знаходзіліся ў гэты час дома», — адзначыў Машноў.

Супрацоўнікі МНС не далі агню распаўсюдзіцца, пажар быў ліквідаваны за 15 хвілін.

Агнём пашкоджана маёмасць у кватэры, закураны сцены і столь. Магчымая прычына пажару — кароткае замыканне электраправодкі халадзільніка. Гаспадара кватэры, 40‑гадовага мужчыны, дома ў гэты час не было. Урон ад пажару склаў 3 млн. рублёў. Выратавана матэрыяльных каштоўнасцей на 12 млн. рублёў.

З пачатку года ў Брэсцкай вобласці падчас пажараў выратавана і эвакуявана 216 чалавек, выратавана матэрыяльных каштоўнасцей на 4,4 млрд. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?