Старшыня Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец паведаміў, што тая праца, якая вялася напярэдадні канцэрта нямецкага гурту Rammstein у Мінску, дала плён.

«Вы помніце, пасля канцэрта Rammstein Раду па маральнасці хацелі раздраконіць наша розная прэса. Гэта была іх спроба паздзекавацца. Ніякая мы не цэнзура, як спрабавала падаць апазіцыйная прэса.

Па гурту Rammstein мы выступілі не з пункту гледжання, каб яго не дапусціць.

Нам пракруцілі відэазапіс аднаго з канцэртаў, дзе святары нашы закрывалі твары ад сораму за тое, што там адбываецца.

І мы запатрабавалі: «Разбярыцеся, браткі, што гэта за канцэрт. І калі там ёсць парнуха, трэба яе не дапусціць». Паслухалі нас. Кажуць, што моладзі канцэрт спадабаўся», — адзначыў Чаргінец.

Калі генерала папракнулі яго кнігай «Тайны Авальнага кабінета», якая ўтрымлівае інтымныя сцэны, пісьменнік паспрабаваў паказаць вартасць твора.

«Амерыканцы ўпрошваюць мяне чацвёрты год перавыдаць. А калі ўлічыць, што ён перавыдадзены ў дванаццаці краінах і семнаццаць разоў выдаваўся ў Беларусі і Расіі… Рэч ідзе пра тое, што рабіў прэзідэнт Амерыкі. Вы не знойдзеце там ніводнага факта прыдуманага, калі гаворка ідзе аб «салёнасці». Вы папракаеце: «Ай-ай, што ж там напісаў!?».

А я магу сказаць: «Ай-ай, што ж ваш прэзідэнт нарабіў?!»

Я пісаў праўду».

Грамадская рада па маральнасці была створаная ў 2009 годзе на прапанову Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узначаліў яе Мікалай Чаргінец. У раду ўвайшлі прадстаўнікі вялікіх канфесій, якія дзейнічаюць у Беларусі. У яе шэрагах мітрапаліт Філарэт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кампазітар Ігар Лучанок і іншыя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?