18 красавіка кандыдата ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Бабруйску, карэспандэнта газеты «Бабруйскі кур’ер» Яўгена Васьковіча збілі міліцынты на хакейным матчы.

Яўген Васьковіч, які балатуецца ў Бабруйскі гарсавет ад БХД, прыйшоў на хакейны матч ЗША‑Беларусь і разгарнуў бел‑чырвона‑белы сцяг. Прыкладна праз сем хвілінаў да яго падышлі міліцыянты, скруцілі рукі і вывелі з залі. Пакуль цягнулі, моцна білі па нырках.

«Так, каб не было магчыма потым зняць пабоі, — распавядае Яўген. — Аднак зачапілі ўсё ж абуткам па назе, таму сёння я збіраюся здымаць пабоі».

Журналіста адвялі ў пастарунак, дзе без панятых абшукалі і склалі пратакол, запісаўшы, што Васьковіч «парушаў грамадскі парадак падчас матчу, перашкаджаў грамадзянам, буяніў ды выкарыстоўваў забароненую сімволіку». Затым пазвалі ў якасці панятых двух дзяўчынак, якія не чытаючы падпісалі пратакол. Ноч кандыдат ад БХД правёў у пастарунку. На раніцу, у 11 гадзінаў адбыўся суд. Паколькі Васьковіч пазначыў у пратаколе, што не буяніў, суддзя прыпыніла судовы разгляд да таго часу, «як знойдуцца тыя грамадзяне, каму ён перашкаджаў глядзець матч».

Пасля гэтага Яўгена Васьковіча адпусцілі. Цяпер ён складае скаргу пракурору гораду на дзеянні міліцыянтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?