Ёсць цудоўная магчымасць атрымаць задавальненне ад якаснай беларускай музыкі, і ўвадначассе моцна дапамагчы тым, хто мае патрэбу і чакае людской дапамогі — хворым дзецям. Гаворка ідзе пра дабрачынны канцэрт «Добры фэст», які адбудзецца ў Мінску 22 красавіка, з удзелам гуртоў IQ48, Neuro Dubel, «Палац», сродкі ад якога пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Чэрвенскага дома-інтэрнату.

«У прынцыпе, добра было б, каб такія канцэрты праходзілі раз на тыдзень, — кажа лідэр гурту Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч. — Крочыш па вуліцы і бачыш абвестку: «Збіраем грошы на дзіцячы дом» — чалавек пойдзе далей, зрэдку спыніцца. У іншым выпадку чалавек прыходзіць на дабрачынны канцэрт… Заплаціў за квіток, папіў піва, паслухаў музыку, пакаўбасіўся, паскокаў, адпачыў і тым самым дапамог людзям».

З Кулінковічам пагаджаецца Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі!»: «Я веру, што шмат хто падзяляе нашае меркаванне: быць беларусам — гэта не толькі ганарыцца сваёй краінай, культурай, гісторыяй, гэта яшчэ быць адказным за тых, каму патрэбна дапамога».

Акрамя канцэрту, у якім можна будзе пабачыць і пачуць адразу некалькі вядомых калектываў розных музычных напрамкаў, на «Добрым фэсце» кожны глядач зможа выкарыстаць магчымасць і зрабіць падарункі дзецям: прынесці цацкі, фарбы, альбомы для малявання ды іншыя патрэбныя для дзяцей рэчы.

Такім чынам, 22 красавіка, Клуб «Рэактар» (вул. Харужай, 29). «Добры фэст». Удзельнікі: гурты IQ48, Neuro Dubel, B:N, ZM99 (Змяя) і Алег Хаменка (гурт «Палац»). Пачатак а 19.

Кошт уваходу: 20000 (танцпляц загаддзя), 30000 (танцпляц у дзень канцерту), 40 000 (столік).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?