Адвакат Мікалая Аўтуховіча Павел Сапелка просіць Вярхоўны суд апраўдаць яго падабароннага па ўсім аб’ёме прад’яўленых яму абвінавачанняў. Пра гэта ён заявіў падчас судовых спрэчак у Вярхоўным судзе Беларусі 19 красавіка.

Нагадаем, Вярхоўны суд разглядае крымінальную справу, па якой у якасці абвінавачаных праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ Гродзенскай вобласці, абвіначваецца ў тым, што ведаў аб планах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён запытаў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

Як лічыць Сапелка, ніякай крытыкі не вытрымлівае прад’яўленае Аўтуховічу абвінавачанне ў стварэнні злачыннай групы з мэтай падрыхтоўкі тэракта ў дачыненні да Васіля Каменкі і Уладзіміра Саўчанкі.

«У ліпені 2005 года закончыўся эпізод сочкі за Каменкам. З ліпеня 2005 года па кастрычнік 2005‑га так званая злачынная група бяздзейнічала. Ніякіх аб’ектыўных абставінаў, якія б перашкаджалі дзейнасці групы, калі б яна была,няма. Тым не менш група бяздзейнічае. Планы ўчынення злачынства не распрацоўваліся, Аўтуховіч іх нікому не абмалёўваў», — адзначыў Сапелка.

Паводле слоў адваката, 14 кастрычніка 2005 года Аўтуховіч быў змешчаны ў следчы ізалятар, а ў канцы снежня 2005 года быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. «Пасля гэтага нармальны кіраўнік злачыннай групы павінен быў бы выклікаць групу, абмеркаваць яе памылкі, зрабіць высновы, намеціць план дзеянняў. Нічога гэтага не было. А значыць, адсутнічаў прынцып арганізацыі групы. Не было супрацьпраўнага ўтварэння для ўчынення злачынства», — сказаў Сапелка.

Таксама ён адзначыў, што ў судзе не было даказана дачыненне Аўтуховіча да нейкіх боепрыпасаў.

Таксама не высветлена, адкуль узяўся гранатамёт РПГ‑26, знойдзены на тэрыторыі Гродзенскай школы‑ліцэя № 1 і, як мяркуе следства, павінен быў быць выкарыстаны для замаху на Саўчанку. «На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, згодна з даведкай, што знаходзіцца ў справе, такія гранатамёты не знікалі, а на ўзбраенні беларускай арміі іх ніколі не было», — адзначыў Сапелка.

«У суда будзе цяжкае рашэнне. Але крытычная ацэнка матэрыялаў справы павінна прывесці да аднаго меркавання: Аўтуховіч змагаўся з сістэмай, але сістэма цяпер перамагла яго. Яна пасадзіла яго за краты, пазбавіла бізнесу, але не змагла зламаць. Суд павінен вельмі дакладна падыходзіць да даследавання доказаў, і пры гэтым памятаць аб адным з асноўных прынцыпаў права — прэзумпцыі невінаватасці. Акрамя таго, усе сумненні ў вінаватасці падсуднага павінны быць вытлумачаны на карысць падабароннага», — заявіў Сапелка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?