Бачанне фармату гэтага традыцыйнага мерапрыемства сёлета падзяліла апазіцыю.

На прэс-канферэнцыі, што прайшла ў Мінску 19 красавіка і была прысвечаная правядзенню «Чарнобыльскага шляху 2010», прысутнічалі сустрашыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, мастак Аляксей Марачкін, які прадстаўляў Партыю БНФ, Мікола Статкевіч (БСДП «НГ») і інш.

Віталь Рымашэўскі заявіў, што падчас Чарнобыльскага шляху 2010 мае быць прэзентаваная новая грамадская кампанія «У абарону жыцця». Паводле палітыка, яна павінна спыніць працэс вымірання беларускай нацыі.

Першым крокам новага грамадскага руху будзе збор подпісаў у абарону канкрэтных патрэб грамадства. А менавіта, за стварэнне сістэмы кантролю ўзроўню радыёактыўнай забруджанасці і спыненне вытворчасці прадуктаў харчавання на забруджаных тэрыторыях.

Іншы прадстаўнік аргкамітэту, Зміцер Дашкевіч, адзначыў, што перад арганізатарамі стаіць мэта вярнуць акцыі жалобны характар.

«Прысутнасць анархістаў і прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў мы будзем расцэньваць як правакацыю», – адзначыў З.Дашкевіч. І дадаў, што прадстаўнікі Маладога фронту «будуць звязваць і здаваць міліцыі» правакатараў.

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі, якую правёў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч 15 красавіка, было адзначана, што БНФ вырашае адмовіцца ад традыцыйнага фармату акцыі.

«На жаль, у апошнія гады «Чарнобыльскі шлях» ператварыўся ў рытуальнае мерапрыемства, на якое прыходзяць усе, ад ультраправых да анархістаў. Аднак яны займаюцца не праблемамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а проста самарэкламай. І мы не хочам збіраць людзей для іх рэкламы», — зазначыў Янукевіч.

Лідэр БНФ таксама адзначыў, што сябры БНФ плануюць наведаць раёны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. «Плануецца, што мы праедзем па поўдні Магілёўскай вобласці, а адтуль – у Гомельскую вобласць. Мы наведаем гэтыя раёны, прывязем людзям гуманітарную дапамогу, наколькі гэта магчыма, пагутарым з імі, а таксама правядзем працы на помніках адселеным вёскам», — сказаў А.Янукевіч.

Палітолаг Віталь Сіліцкі так пракаментаваў «НН» вартасць правядзення традыцыйных масавых акцый апазіцыяй у тым самым фармаце, што і ў 90-я:

«Паколькі ў грамадстве зусім загасла воля да супраціву — пра што варта гаварыць асобна — то праводзіць такія акцыі у «змагарскім» стылі бессэнсоўна. Яны ўжо ніколі не збяруць больш за тысячу чалавек.

Справа ў тым, што памяць пра Чарнобыль ужо збольшага сцёртая ўладай, а значыць, што такія падзеі мусяць быць збольшага не палітычнымі, а інфармацыйна-адукацыйнымі. Натуральна, калі апазіцыя жадае звярнуць увагу на гэтыя праблемы. Гэта, натуральна, ужо не фармат шэсця. Тое ж можна сказаць і пра 25 Сакавіка — колькі беларусаў ведаюць, што гэта такое?».

Арганізатары ЧШ-2010 заклікаюць прыходзіць да Акадэміі навук а 18-ай 26 красавіка.

Мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі пройдуць шэсцем да Кастрычніцкай плошчы, аднак арганізатары адзначылі, што прымуць і той сцэнар, які прапануе улада. Верагодна, што адбудзецца шэсце да Чарнобыльскай капліцы. Арганізатары плануюць запрасіць на яго прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацыі і БРСМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?