Да ракі Прыпяць і веснавой паводкі жыхары Петрыкава, што ў Гомельскай вобласці, прывыклі. Але сёлета моцнае разводдзе зноў прымусіла тутэйшых палешукоў пахвалявацца. І асабліва тых, хто жыве бліжэй да ракі, у ніжняй частцы горада.

Пенсіянерка Праскоўя Аскерка з вуліцы Прыпяцкая расказвае, што ў яе гаспадарцы ўсё затаплена, плот павалены, у хаце вялікая вільгаць.

«Вада дабралася да парога, заліла склеп, падтапіла хляўчук. Ходзім па насцілах. Адзін год вада ў мяне была нават ў печы», — бядуе бабуля.

Разводдзе прымусіла шукаць паратунку нават буслоў. Пажывіцца ў пойме ракі яны не могуць — усё заліта вадой. Буслы сталі прылятаць у агарод бабулі Праскоўі, каб на мелкаводдзі знайсці сабе здабычу — чарвяка, жабу ці яшчэ якую жыўнасць, што прынесла паводка.

Тутэйшыя жыхары мяркуюць, што ад разводдзя можна было б уратавацца, калі б каля паромнай пераправы падвысіць левы бераг Прыпяці. Але ж справа гэта працаёмкая і нябачная для вачэй высокага начальства. Ходнік пліткай вымасціць — гэта, калі ласка, а бераг ці вуліцу на ўскрайку гораду — не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?