Экс‑прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Мінску. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні дэпутатаў 20 красавіка.

«Ноччу ў панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Мінск. Ён пра гэта прасіў, і не аднойчы. Уначы ў панядзелак ён быў у Мінску», - сказаў прэзідэнт. Сёння, па словах Лукашэнкі, "прызначаная медыцынская камісія, праведзена першаснае абследаванне сям'і Бакіева.

«Сям’я, разумееце, у разабраным стане: дзеці бедныя, педыятры зараз там працуюць. Працуюць усе, хто павінен там працаваць, абследаванне праводзім у прэзідэнта ўсёй яго сям’і. Карціна невясёлая», — сказаў Лукашэнка.

«Толькі чатыры чалавекі нам удалося прыняць у Мінску, і яны цяпер знаходзяцца ў нас пад абаронай нашай дзяржавы і асабіста вашага прэзідэнта», — заявіў беларускі кіраўнік.

Калі Курманбеку Бакіеву «патрэбна будзе не толькі рэабілітацыя, але і медыцынская дапамога, мы яе абавязкова акажам», запэўніў Лукашэнка.

7 красавіка Бакіеў быў зрынуты з пасады кіраўніка Кыргызстана. Адразу ён з’ехаў на поўдзень краіны, дзе знаходзіцца ягоны родавы аул. Але ніхто гарантаваць бяспеку экс-кандыдату не мог. 15 красавіка Бакіеў вылецеў у Казахстан, але ўсё разумелі, што гэта часовы прыстанак.

У панядзелак, 19 красавіка, прадстаўнік МЗС Казахстана Аскар Абдрахманаў паведаміў, што экс-кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў пакінуў Казахстан, дзе ён — у горадзе Тараз — перабываў ад 15 красавіка.

Яшчэ ў нядзелю,

18 красавіка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы прыняць Бакіева ў Мінску: «Гэта маё асабістае рашэнне як кіраўніка дзяржавы».

“Я хачу звярнуцца да кіргізскага народа: не дапусціце здрадніцтва свайму прэзідэнту. Гэта будзе самай жорсткай памылкай», – зазначыў Лукашэнка.

Лукашэнка назваў падзеі ў Кыргызстане «антыканстытуцыйным дзяржаўным пераваротам» і абвінаваціў ЗША і Расію ў спрыянні яму.

У суботу ў інтэрнэце з’явілася, інфармацыя са спасылкай на крыніцу ў Казахстане, што Бакіеў вылецеў з Тараза ў Беларусь, але гэтая навіна была абвергнута Дзяржаўным памежным камітэтам і авіякампаніяй «Белавія».

Рашэнне прыняць Бакіева ў Беларусі, імаверна, выкліча новае абвастрэнне адносін з Расіяй.

У адрозненне ад Аскара Акаева, які знайшоў сабе прытулак у Маскве, Курманбек Бакіеў не мог на такое разлічваць. Масква не магла дараваць яму падман у пытанні вываду амерыканскай вайсковай базы, за што ён ужо атрымаў шчодры куш ад Крамля.

Сітуацыя ў самой Кіргізіі застаецца напружанай. Учора ў Бішкеку ў міжэтнічных канфліктах загінулі прынамсі 5 чалавек. Міліцыянты дабіліся адстаўкі міністра ўнутраных справаў часовага ўраду. Джалалабадская вобласць жа ўвогуле захоўвае вернасць Бакіеву.

Учора ж у Бішкеку адбыўся пікет пратэсту супраць гатоўнасці Беларусі прыняць апальнага прэзідэнта.

* * *

З каторай жонкай і каторымі дзецьмі Бакіеў прыляцеў у Беларусь?

Адказваючы на пытаньні ў Нацыянальным сходзе, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ад панядзелка ў Беларусі знаходзіцца зрынуты прэзыдэнт Кыргызстану Курманбэк Бакіеў зь сям’ёй. Пры гэтым ён згадаў пяцігадовага сына і дзевяцігадовую дачку Курманбэка Бакіева.

Аднак, афіцыйна Бакіеў мае толькі адну жонку. Гэта Тацяна Віктараўна Бакіева, якая нарадзілася ў Самары, паводле адукацыі — інжынэр‑тэхноляг. У яе з Бакіевым два дарослыя сыны, аднаго зь якіх, меркавалася, Бакіеў рыхтаваў ў пераемнікі.

Адкуль маглі ўзяцца непаўналетнія дзеці, якіх згадаў Лукашэнка?

Паводле супрацоўнікаў кіргізскай службы радыё «Свабода», чуткі пра наяўнасьць у Бакіева іншай сям’і хадзілі даўно, але ў пачатку сакавіка гэта ўпершыню стала прадметам грамадзкага абмеркаваньня. Менавіта ў сакавіку былы міністар дзяржмаёмасьці Раўшан Джаімбэкаў, які цяпер жыве ў ЗША, зьвярнуўся да Бакіева з адкрытым лістом, у якім заклікаў прэзыдэнта не парушаць маральныя нормы. У гэтым лісьце было сказана, што,

акрамя афіцыйнай жонкі ў Бакіева ёсьць і дзьве неафіцыйныя.

Партыя «Эркіндзік Кіргізстан» заявіла, што часовы ўрад даў «гарантыі недатыкальнасьці прэзыдэнту, яго непаўналетнім дзецям і жонкам».

Віцэ‑прэм’ер Кіргізстану ў часовым урадзе Азэнбэк Багназараў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што Бакіеў пакінуў краіну «з трэцяй, неафіцыйнай жонкай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?