«Ты і за плечы не закінеш,
Што ён нахляпае за раз…»
Вядзьмак Лысагорскі

***

Раніцай першага красавіка не было жартаў. Жартаў увогуле сёння няма ў нашым мястэчку. Няма ў людзей радасці ад натуральнасці: ад сонечнага святла, вясны, ад прылёту птушак, ад іх радасці… Няма ўзаемарадасці. І птушак цяпер няшмат. Але жаваранка чула ў небе — над возерам завіс. Ну і наш, лёсава прыліплы птах — грак.

У двары канторкі за лазняй — чародка зашэраных людзей. Яны вяла чакаюць звычайнай каманды — хто куды. У большасці — на цэнтр, вуліцу месці. Цэнтр у цэнтры ўвагі.

Я таксама чакаю. Начальніка канторкі, каб нешта сказаць яму асабіста. Бо канторка напоўненая бітком. Там і Франц Адольфавіч — з тварам, цёмным ад унутраных перажыванняў, хваляванняў, стрэсаў, і ўвесь у тэлефоне, у палкай, суровай, змрочнай размове, якая называецца «дзелавой».

— Кажыце хутчэй, што хацелі… А то няма калі.

— Хацела з вамі асабіста… на пяць хвілін…

— Тады чакайце на вуліцы!

Я навучылася спачуваць Адольфавічу. Ён падаецца мне асобай артыстычнай. Адольфавіч — чалавек тэлефоннай трубкі ўзмоцненага дзеяння, бо гэтага вымагае штодзённая роспач — «дзе ўзяць?». Невялічкі ростам, увесь з выканаўчым парывам, вёрткі, але на сёння не такі, што «ты мяне пад лёд, а я адтуль з рыбкай у руцэ». Не выходзіць! Ён бегавы, лятальны, засмечаны местачкова‑жыхарскімі праблемамі.

Адольфавіч згадваецца мне на першым часе на пасадзе. Бяжыць насустрач, хапае з рук маю заяву, смяецца, абяцае тут жа разгледзець. Браўся за справу з надзеяй на талковы лад, на поспех, на ўдзячнасць і зверху, і знізу. Што ж выходзіць? Ды пра ніз і гаворкі няма… Усё ім латай, усё ў іх цячэ, усё ім холадна зімой…

Мяне асабіста Адольфавіч адратаваў ад штогадовага патопу на пятым паверсе, калі дом перайшоў з ведамства льнозавода ў ЖКГ. Ён ліквідаваў цечу са столі і загадаў пабяліць.

Але я мала калі звяртаюся ў канторку па асабістых пытаннях. Мяне чамусьці найбольш хвалюе іншае, на погляд усяго начальніцкага свету наіўнае, нават ненармальнае пытанне. Ну што гэта за пытанне: не рэжце дрэвы з грачынымі гнёздамі. А я, вясковая жыхарка, пратэстую супраць таго, каб крыўдзілі вясну, крылатых стварэнняў, прыроду — Боскую прыгажосць. Пратэстую заўсёды, асабліва з таго часу, як раптам уся кіраўнічая Беларусь пачала няшчадна валіць і местачковыя, і вясковыя дрэвы. Найперш лепшыя, здаравейшыя, пасля ўжо другі гатунак.

Чаму нашы сельскія, блізкія да чалавека птушкі так шуганулі на чубкі высокіх вулічных аголеных дрэў, якія яшчэ засталіся ў Падсвіллі? Бо ўсё выразана. Аголеныя клады, старыя паркі (напрыклад, у Галубічах, за тры кіламетры ад Падсвілля). Звалены пад марку дазволу (планавага зразання) усе нягоршыя дрэвы: бярозы, клёны, каштаны, ясені, сосны. Урэшце і кволыя таполі ў большасці пазразаныя. Застаўся парк бярозавы, і сосны, і дубы ля возера. Што будзе з імі?

А на цэнтры вуліцы пакінуты зрэдку здаровыя рослыя дрэвы. Праўда, з паабразанымі да самай макаўкі стваламі. Але ж гэтыя дрэвы павінны застацца хоць для якога‑небудзь ценю ў пасёлку, які некалі славіўся зялёнай прыгажосцю. Гракі селяцца на зручных для кладкі гнёздаў дрэвах. А тут ужо хутка ніякіх не будзе.

Птушкі гракі спрадвеку — сябры сельскага чалавека. Мы павінны ўжывацца з птушкамі волі крыху інакш, як з тымі, мяса якіх умінаем за дзве шчакі. Тыя ж якраз не павінны вольна хадзіць па дварах і вуліцах гарадскога пасёлка, як гэта ёсць на справе.

Мы, людзі, каб не здзічэць, не здзервянець і не задзірванець душой, павінны глядзець, акрамя як «пад ногі», яшчэ і навокал, і ў неба. Каб бачыць там жыццё на вершалінах дрэў.

…Адольфавіч закіпае, пыліць нецэнзурна, крычыць, каб чулі ягоныя людзі, якая я неразумная.

—Вы б прайшлі тратуарам, вуліцай, вы б адчулі. Яны ж усё абас…

Не, дарагі Адольфавіч, гэта не птушкі «ўсё…». Птушкі толькі крыху пад дрэвамі… Бо гнёзды зверху. Ды колькі тых дрэў засталося на вуліцах? Птушыны памёт — угнаенне для росту травы. Гэта людзі «усё». А ў возера чаго наплыло? А ў прыазер’і, куды ні стань, смецце. А ў лес чаго навёз чалавек? А смецце гарпасялковае куды адвозіцца? Да рэчкі, якая цячэ ў возера? За Падсвілле ступіць няма як. З усіх бакоў хоць павязку на нос завязвай. З заходняга боку бераг лесу мазутай затоплены, смеццем завалены. I з возера ўсё плыве па рэчцы Свіліцы ў свет… А на паўночным усходзе, за Кішамі?

— Гной адпампоўваюць,— кажа жыхарка вёскі,— за ферму, пад лес. Вывозіць на палі — вялікія выдаткі. А так прасцей перагнаць. Гэткі заліў, пакрыты скарынкай… Неаднойчы людзі туды траплялі. Праўда, не ў адзіночку хадзілі. Адзін другога ратавалі.

— Гэта ж, вядома, не датычыць ЖКГ. У ведамстве камунальнай гаспадаркі — пасёлак, і ён не ў найлепшым стане: падвалы заліваюцца, лопаюцца каналізацыйныя трубы. На вадатрасе частыя паломкі, і ў лютым часам адключаецца ацяпленне, і мы сядзім ў холадзе. Прыборы ўліку вады паставілі, а гарачай няма, няма чым прамыць сістэму сцёкаў. Гэта што? Да цывілізацыі не адносіцца?

— Вы б бачылі, колькі гнёздаў на дрэве!..

— Пятнаццаць.

— Ну во!..

А дзе жыць птушкам? Правільна! Яны хутка насяліліся. Гракі ў працы больш творчыя, чым некаторыя людзі і ўсе падсвільскія працаўнікі ЖКГ разам узятыя. За гэта птушак і трэба любіць. Вунь якая прыгожая сяміпавярховая галінка гнёздаў цягнецца ў неба. Каб так людзі садзілі дрэвы, як гракі гнёзды. А зрэзаць дрэвы з гнёздамі — хвілінная справа. Дык што? Пустыняй зрабіць пасёлак, і ўсю віну спісаць на гракоў?

— Вы б чулі — ва ўсёй Еўропе самай шкоднай птушкай аб’яўлены грак.

Няўжо?! Вораг №1? Бач ты, у птушыным свеце вызначылі… А хто ж вызначыць у чалавечым найшкоднага?.. У нас ёсць раўнадушныя. Ёсць нават педагогі, якіх трасе ад жаб пасля дажджу. А ў цывілізаваных краінах робяць жолабы пад дарогамі, каб гэтыя стварэнні маглі перайсці, не трапіць пад колы. Ненавіснікаў гракоў, як відаць, нямала. Ён выклікае ў іх гідлівасць, бо харчуецца ў цяжкі час на сметніках. А што б яны прапанавалі граку? Якое меню? А выкінутыя людзьмі каты чым там харчуюцца? Можа, гэтыя людзі выхоўваліся на якой іншай планеце? Ці зусім не выхоўваліся?

— Чалавек мусіць рэгуляваць! — паведамляе шаноўны Франц Адольфавіч, намякаючы на сваё права высяляць птушак.

Прыроду ж мы ўжо адрэгулявалі, далей няма куды. Назад гатовыя вярнуцца. Ды як?

— Завал на працы! Вы кажаце — рэзаць восенню. Калі мне ўдаецца здабыць тэхніку, тады і рэжу!

Завал?.. Выбачайце! Не ведаю, чым дапамагчы. Разумею, што ўсё дзіравае, а латаць няма чым. Самому, як таму граку, трэба лазіць па сметніку — шукаць трубы кавалак, старой батарэі, штакеціну… А тут яшчэ — гракі! Так, я спачуваю Адольфавічу. Ну, гэтых верхніх ён здыме! Але пакуль дабярэцца, гнёзды на кожнай галінцы з’явяцца, і ў гнёздах — зноў птушаняты.

На Францыю, напрыклад, як кажа Адольфавіч, раўняцца можна. Але найперш, на культуру, аснова якой — французская мова. А ў нас дзе беларуская ў мястэчку?

Ды каля нас жа — цэнтр Еўропы. Хай на нас раўняюцца! — хочацца жартаваць, — усё ж першага красавіка. Толькі бачу, што жарты недасягальныя. Але

    Я ж да вас, спадары, іду
    Ад найлепшых трывог і дум —
    Не ад нейкай пустой начынкі.
    Не здзімайце з сябе пылінкі,
    Калі тоўшчы ляжаць навокал
    Пылу‑ілу, як глянуць вокам,
    І мікробаў хваробатворных…
    Што той грак на галінцы, чорны?!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?