Пра гэта 27 красавіка на прэс‑канферэнцыі заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), адзін з арганізатараў «Чарнобыльскага шляху» Віталь Рымашэўскі.

«Фармат правядзення акцыі атрымаўся сапраўды жалобны. Мы пазбеглі памылак і недахопаў мінулых гадоў. Не было ніякіх правакацый. Мы правялі цяжкія перамовы з рознымі маладзёжнымі арганізацыямі, мабілізавалі ўсе сілы арганізатараў на ахову «Чарнобыльскага шляху», і гэта мерапрыемства стала стартам вялікай кампаніі «У абарону жыцця». Я спадзяюся, гэта кампанія ў нас атрымаецца», — сказаў Рымашэўскі.

Палітык выказаў шкадаванне, што некаторыя апазіцыйныя арганізацыі не ўдзельнічалі ў «Чарнобыльскім шляху».

«Я лічу, што лідэры апазіцыі былі на шэсці, але некаторыя кіраўнікі партый з’ехалі ў чарнобыльскую зону, і не атрымалі вельмі важнай інфармацыі, якую мы агучылі. Пакуль яны па прыкладзе Лукашэнкі ездзяць па чарнобыльскай зоне, гэтай зонай стала ўся Беларусь. Пакуль хтосьці ездзіць па зоне, атручанымі радыяцыяй прадуктамі кормяць усю краіну. І гэта вялікая праблема, якую мы паспрабуем вырашыць. Хоць бы зрабіць некалькі захадаў у вырашэнні гэтай праблемы», — адзначыў Рымашэўскі.

Акрамя гэтага, ён выказаў падзяку тым, хто прыйшоў на «Чарнобыльскі шлях»,

а таксама і тым, хто на яго не прыйшоў.

«Часам не перашкаджаць — гэта таксама дапамагаць», — заявіў Рымашэўскі, каментуючы адмову ад удзелу ў «Чарнобыльскім шляху» анархісцкіх груповак.

«Чарнобыльскі шлях» прайшоў у Мінску вечарам 26 красавіка, у 24‑ю гадавіну аварыі на ЧАЭС. У ім узялі ўдзел, паводле розных падлікаў, ад 1,5 да 2 тыс чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?