У Беларусі створана грамадскае аб’яднанне «Саюз «Гільдыя півавараў». Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 27 красавіка ў Мінску старшыня савета гільдыі, генеральны дырэктар ААТ «Крыніца» Рыгор Пяткевіч.

У саюз увайшлі

ААТ «Крыніца», ААТ «Піўзавод «Аліварыя», ААТ «Лідскае піва», кампанія Heineken у Беларусі (ЗЗАТ «Піваварная кампанія «Сябар», СААТ «Рэчыцапіва»), ААТ «Брэсцкае піва».

Пяткевіч адзначыў, што «ідэя стварэння гільдыі наспявала даўно, але яна была сфарміравана, калі былі вызначаны асноўныя гульцы рынку». Гільдыя плануе адстойваць інтарэсы айчынных вытворцаў піва. Дадатковым стымулам да стварэння саюза півавараў стала, паводле слоў Пяткевіча, «неадназначнае стаўленне да піва з боку дзяржавы, прыраўнаванне піва да алкагольных напояў, зніжэнне іміджу натуральнасці прадукту, націск на піўную галіну, абмежавальныя і забаронныя меры, акцызная палітыка, рост імпарту піва».

«Мы аб’ядналіся не супраць кагосьці, мы — за піва», — падкрэсліў выканаўчы дырэктар гільдыі Саўлюс Галадаўскас.

Ён адзначыў, што гільдыя будзе імкнуцца «ўзняць рэпутацыю беларускага піва да ўзроўню нацыянальнага гонару». «Місія гільдыі — захоўваць найлепшыя беларускія традыцыі піваварства, прывесці іх у адпаведнасць з вышэйшымі міжнароднымі стандартамі і перадаць іх наступным пакаленням», — сказаў Галадаўскас.

Паводле яго слоў, «у Беларусі культура спажывання алкаголю вельмі нездаровая ў параўнанні з суседнімі краінамі і краінамі Еўропы — на працягу шэрагу гадоў пераважае спажыванне гарэлкі і мацаваных він». Паводле звестак канцэрна «Белдзяржхарчпрам», спажыванне піва ў 2009 годзе ў абсалютным алкаголі склала 2,3 літра на душу насельніцтва, віна вінаграднага — 0,4 літра, віны пладовага — 3,4 літра, моцных спіртных напояў — 5,4 літра. «Калі нічога не рабіць, то можа адбыцца далейшае павелічэнне акцызнага падатку (у 2010 годзе акцыз на піва павялічаны на 54%, на гарэлку — на 9%), рознага роду абмежаванняў — на рэкламу, месца і час продажу, імпарт будзе і далей выцясняць айчыннае піва, спажыўцы і далей будуць аддаваць перавагу пладова‑ягаднаму больш, чым піву», — лічыць выканаўчы дырэктар гільдыі.

Ён адзначыў, што саюз півавараў будзе несці і асветную місію. Так, плануецца стварыць «піўную акадэмію».

Галадаўскас паведаміў, што «гільдыя адкрыта для прыёму любых прадпрыемстваў галіны ў Беларусі, у тым ліку соладавых».

Сёння дырэктары прадпрыемстваў — члены гільдыі падпісалі Кодэкс гонару півавараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?