Еўрасаюз занепакоены асобнымі аспектамі датэрміновага галасавання ў Беларусі, гаворыцца ў заяве пасольства Вялікабрытаніі, якое прадстаўляе ў Мінску старшыню ЕС Іспанію.

Еўрапейскі саюз заклікае беларускія ўлады працягнуць дыялог з АБСЕ для паляпшэння выбарчых працэдур. У заяве зазначаецца, што ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства папраўкі »ўтрымліваюць намеры павялічыць празрыстасць працэсу галасавання і далучыць да выбарчага працэсу яшчэ больш шырокія групы насельніцтва, што заслугоўвае ўхвалы». Аднак назіранне за выбарамі ў мясцовыя саветы 25 красавіка паказала, што «рэалізацыя новага выбарчага заканадаўства мае некалькі ўразлівых момантаў, на якія павінна быць звернута ўвага падчас далейшага дыялогу з АБСЕ».

«Адным з такіх момантаў з’яўляецца датэрміновае галасаванне, шэраг аспектаў якога выклікаюць занепакоенасць. У прыватнасці, практыка асобнага падліку і аб’яўлення вынікаў датэрміновага галасавання, галасавання дома і асноўнага галасавання не была паўсямеснай», — гаворыцца ў заяве. Зазначаецца таксама, што ў шэрагу выпадкаў «рэзка адрозніваліся» вынікі датэрміновага галасавання 20—24 красавіка і ў асноўны дзень 25 красавіка.

Назіральнікі краін ЕС наведалі больш як 140 выбарчых участкаў у сталіцы і рэгіёнах і змаглі прысутнічаць пры падліку галасоў. «Еўрасаюз выказвае ўдзячнасць уладам за запрашэнне ўзяць удзел у назіранні», — зазначаецца ў заяве.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, яўка выбаршчыкаў на мясцовых выбарах склала 79,5%. У галасаванні ўзялі ўдзел 5.591.264 жыхары краіны. Пры гэтым у датэрміновым галасаванні — 2.067.069 чалавек, па месцы знаходжання выбаршчыкаў — 446.748. У дзень выбараў на ўчастках прагаласавалі 3.077.447 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?