Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі 29 красавіка ў Мінску старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.

Вытворчасцю цукру ў Беларусі зараз займаюцца чатыры прадпрыемствы: адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод», «Слуцкі цукрарафінадны камбінат» і «Скідальскі цукровы камбінат».

Данчанка адзначыў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача павелічэння аб’ёму экспарту сельгаспрадукцыі да 10 млрд. долараў у год. «Адной з задач па павелічэнні экспартнага патэнцыялу з’яўляецца павелічэнне вытворчасці цукру», — адзначыў старшыня канцэрна. Ён паведаміў, што на дзейных прадпрыемствах плануецца давесці магутнасці перапрацоўкі да 40 тыс. тон цукровых буракоў за суткі (цяпер 29 тыс. тон).

«У будаўніцтве пятага завода выказваюць зацікаўленасць Магілёўская і Гомельская вобласць.

Разглядаецца пляцоўка па будаўніцтве новага завода на мяжы гэтых абласцей у раёне Бабруйска»,

— паведаміў Данчанка.

Для будаўніцтва прадпрыемства мяркуецца задзейнічаць кітайскага інвестара, які зможа прыцягнуць звязаны доўгатэрміновы дзяржаўны крэдыт. «Праз пасольства Беларусі ў Кітаі мы зараз шукаем кітайскую кампанію, якая пабудавала б завод «пад ключ». У Кітай накіраваны характарыстыкі прадпрыемства», — паведаміў Данчанка. Аб’ём інвестыцый можа скласці да 300 млн. еўра.

Плануецца пабудаваць завод з аб’ёмам вытворчасці не менш як 10 тыс. тон цукру ў суткі, або 120—130 тыс. тон у год. Акрамя таго, на заводзе прадугледжваецца магчымасць праводзіць сушку жамерынаў, вырабляць цукровыя кансервы, фасаваць прадукцыю ў розную тару. Разліковая валютная выручка можа скласці не менш за 100 млн. долараў у год. «Гэта будзе цалкам экспартна арыентаванае прадпрыемства, якое будзе працаваць на беларускай сыравіне», — падкрэсліў Данчанка. Плануецца пастаўляць бураковы цукар на рынкі Украіны, Расіі і іншых краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?