Цяпер мы дакладна ведаем, што вывяржэнне ісландскага вулкана — гэта такі піяр-ход гурту Scorpions. Як і ідэя развітальнага тура (які, паводле прызнання саліста Клауса Майнэ працягнецца «два з паловай гады -- як мінімум») і апошняга альбома, які, паводле словаў гітарыста Рудзі Шэнкера, яшчэ толькі будзе па выніках будучага тура.

У процівагу сваім маладым паслядоўнікам з «Рамштайн», «Скарпы» абышліся без фаер-шоў, і, калі што і мянялі падчас канцэртаў, дык гэта гітары. І без скандалаў адносна маральнасці (у каго ж падымецца рука на аўтараў Still Lovin’ You?). Сюррэалістычнае кіно з сімфанічным аркестрам на сцэне падчас мінулага візіту змянілася на простыя дэкарацыі рок-рубілава: 5 мужчынаў, якія ў джынсах у абліпачку і скураных кедах адпяялі металічныя рокенролы і слёзныя балады. Фаер-шоу-шмаершоў, а вынік аднолькавы — набіткаваная чара вялізнай «Мінск-Арэны» з шматлюдным, пальца не ўсунеш, танцпляцам перад сцэнай. Зноў у нас з’явілася фальшывае адчуванне, што гурт, які дасягнуў творчай стратасферы, толькі тое і робіць, што качаецца ў нябеснай смятане, вырабляючы ў жыцці ўсё, што хоча.

Спярша музыкі цешылі новай кружэлкай Sting in the Tail. Але сапраўды расчулілі першым блокам, па-беларуску кажучы, «голдэн баладс», калі слёзна ўпрошвалі паслаць ім анёла. Send Me an Angel — быў прапяяны разам з публікай.
Раз-пораз музыкі хадзілі ў народ па спецыяльна пабудаваных дарожках, якія ніхто не ахоўваў. У прыліве пачуццяў публіка была не ў стане глядзець на веліч зорак уласнымі вачыма, а, дастаўшы мабілкі, назірала іх выключна праз аб’ектыў камераў. А зусім дайшлі мінчукі да кандыцыі, калі вакаліст прабачыўся (другі раз за тыдзень!) за сваё вымушанае спазненне.

З навінак —

Клаус Майнэ навучыўся казаць сёе-тое па-беларуску: «Dobry vechar! Jak nastroj?» — гэта ён так афіцыйна павітаўся пасля другой песні. Ну, і вядома шматлікія Dziakuj.
Але не забылі «Скарпы» і дэманстрацыю прыязнасці да роднай Нямеччыны: адна з гітар Рудзі Шэнкера была пафарбаваная ў металік, а ў яе корпус быў уштукаваны значок «Мерсэдэса» (не здзівімся, калі гадоў праз дзесяць яна, прывезеная з з Германіі перагоншчыкамі, з’явіцца ў якога-небудзь айчыннага рокера).

Заканцавалі свой выступ Still Lovin’ You і Wind of Change. Апошняя песня асабліва дарагая Майнэ, які сказаў, што

з радасцю адсвяткаваў з усім светам 20-ю гадавіну заканчэння халоднай вайны, і менавіта гэтае дваццацігоддзе найбольш натхняе яго асабіста.

Каб вечар не выглядаў як «Калыханка для дарослых», пад заслону музыкі ўвалілі пасля задзірлівы хіт Rock You Like a Hurricane.

І як гэта мы (і яны) маглі нават дапусціць думку, што калісьці іх з намі не будзе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?