Дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 6 мая аднагалосна прынялі ў першым чытанні законапраект »Аб амністыі ў сувязі з 65‑годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў».

Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, законапраект распрацаваны «ў мэтах рэалізацыі прынцыпу гуманізму ў дачыненні да асоб, якія сталі на шлях выпраўлення пасля ўчынення злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі».

Паводле слоў міністра,

у выніку амністыі можа быць вызвалены з папраўчых устаноў закрытага тыпу прыблізна 2.230 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — прыблізна 900 чалавек.

Скарочаны на год тэрмін адбывання пакарання ва ўстановах закрытага тыпу 9.300 асуджаным, ва ўстановах адкрытага тыпу — 1.100.

Законапраект прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, асоб пенсіённага ўзросту, інвалідаў, хворых на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ‑інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асоб, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы, учыніўшых злачынствы, якія не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, пазбаўлення волі могуць быць вызвалены таксама іншыя катэгорыі асоб пры асуджэнні: за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (да двух гадоў пазбаўлення волі), а таксама пры асуджэнні да арышту — незалежна ад тэрміну адбытага пакарання; за менш цяжкія злачынствы (да шасці гадоў пазбаўлення волі) — пры адбыцці не менш як адной чвэрці тэрміну пакарання.

Пры гэтым асуджаныя, якія ўчынілі іншыя катэгорыі злачынстваў і не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбывання пакарання, вызваляюцца ад названых пакаранняў часткова тэрмінам на адзін год.

Амністыя не распаўсюджваецца

на асоб, да якіх раней прымяняліся амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства, а таксама на тых, хто не кампенсаваў прычынены злачынствамі ўрон (за выключэннем названай «ільготнай» катэгорыі асоб), якія злосна парушаюць устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання; прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; асуджаных да пажыццёвага зняволення; якім смяротная кара або пажыццёвае зняволенне заменены іншым пакараннем; аб’яўленых у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбывання пакарання; якія ўчынілі забойства, згвалтаванне, разбой або вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы; якія стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй ці ўчынілі карупцыйныя злачынствы з карыслівай зацікаўленасці; прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення.

Паводле слоў Куляшова, паўторныя злачынствы ўчыняюць ад 7 да 10% асоб, вызваленых паводле амністыі.

Апошні раз амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе і была прымеркавана да 65‑годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?