фота segodnya.ua

фота segodnya.ua

У аўтамабільнай Меццы паменшала машын, але засталіся прывабныя цэны.

Аўтамабільны бум, выкліканы пагрозай росту мытаў, і не думае сціхаць. Па машыны ў Літву паехала калі не ўся краіна, то Гродзеншчына дакладна. На Астравеччыне ёсць двары, у якіх продажу чакаюць дзясяткі аўто. Руплівыя беларускія сяляне спадзяюцца, што расіяне неўзабаве ручаём пацякуць у Беларусь, каб прыдбаць недарагую іншамарку.

Інфармацыя, што з 1 ліпеня 2010 года мыта на патрыманыя машыны істотна ўзрасце, трывала ўбілася ў галаву беларусаў. Абвяржэннем пакуль веры не даюць. Хоць усё ідзе да таго, што сітуацыя застанецца ранейшай. Але ўсё роўна паездка па машыну ў Літву — магчымасць ашчадзіць тысячу еўра пры куплі. Згадзіцеся, добры стымул.

Філіял Францыі на мапе Літвы

Аўтарынкаў у Літве багата: Каўнас, Марыямпаль, Таўраге, Гаруны, Клайпеда… Цяпер падрабязна пра Таўраге. Чаму мы адправіліся менавіта туды? Гарадок славіцца вялікім выбарам французскіх машын. Зразумела, хапае і «немцаў», але калі хочацца прыдбаць «Рэно», «Сітраен» ці «Пежо», то будуць задаволеныя жаданні любога купца.

Таўраге — гэта невялічкі горад на захадзе Літвы. Хоць ён горда называецца абласным цэнтрам, насельніцтва складае ўсяго 27 тысяч чалавек — тыповы беларускі райцэнтр. Побач знаходзіцца Калінінградская вобласць, непадалёк і Балтыйскае мора. Мяркуючы па колькасці машын, якія прадаюцца ў Таўраге, горад жыве за кошт аўтабізнэсу. Самае вялікае прадпрыемства за савецкімі часамі, мясакамбінат, даўно закрылася, а на фабрычных плошчах цяпер знаходзяцца станцыі тэхабслугоўвання.

Дабірацца да Таўраге лепш за ўсё на ўласным аўто. 220 км па трасе Вільня—Клайпеда, а пасля яшчэ 30 км да самога горада. Чым бліжэй да Таўраге, тым больш сустракаецца машын з беларускімі і французскімі нумарамі. Спадарожныя — беларусы, якія едуць па шчасце, сустрэчныя — шчаслівыя ўладальнікі новага‑старога аўто.

Зрэшты, можна ехаць і на міжгароднім аўтобусе (каля 45 тысяч), але тады прыйдзецца ў самім Таўрагэ наймаць машыну, бо абысці ўсе стаянкі на сваіх на дваіх не ўяўляецца магчымым. Паслугі таксіста будуць каштаваць 100 тысяч на некалькі гадзін. Сярод плюсаў — за дадатковую плату кіроўца можа параіць нешта слушнае.

Стаянкі, на якіх трымаецца горад

Калі ў Каўнасе ці іншых гарадах існуе адзін агромністы аўтарынак, то тут больш за 10 стаянак. Гэта і ёсць асаблівасць Таўраге. Раскіданыя па ўсім горадзе, яны працуюць па аднолькавым прынцыпе. Невялікая адгароджаная прастора, на якой стаяць 30—70 машын. На паперках пад лабавым шклом звычайна ўказваецца год выпуску машыны, цана і тэлефонны нумар прадаўца.

Званіць прыйдзецца шмат, таму варта на любой запраўцы набыць мясцовую сім‑карту, тым больш што яе, у адрозненне ад Беларусі, можна купіць без доўгага афармлення дакументаў. Мы, напрыклад, куплялі Pildyk. 20 тысяч рублёў з запасам хапіла на некалькі дзясяткаў званкоў прадаўцам. Вядома, усе прадаўцы выдатна разумеюць расійскую мову.

Ключавое слова, з якога пачынаецца любы званок беларускіх купцоў: «Прахадная?»

Маецца на ўвазе, ці трапляе аўто ў тэрмін дзесяцігадовай даўніны — на старыя машыны нашмат большае мыта. Рэч у тым, што на аўтамабілях напісаная дата пачатку эксплуатацыі. А мытнікаў будзе цікавіць трохі іншае — дата выпуску машыны.

«Непрахадная» — фактычна прысуд для аўто. Давялося бачыць, як на «Форд Фокус», які быў сабраны ў красавіку 2000 года, замест старога, перакрэсленага кошту 2800 еўра, стаяў новы — 2200 еўра. Вось такая цана аднамесячнай затрымкі. Вялікая ўдача — знайсці машыну, якая праз тыдзень‑два стане непрахадной. Цана на яе ўжо ўпала да мінімуму.

Законы рынку

Указаную на паперцы цану не варта ўспрымаць занадта сур’ёзна. Тое, што ўдасца скінуць як мінімум 100—150 еўра, — ледзь не навуковы факт. Можна паменшыць цану і на ўсе 400—500 еўра, калі мець добра падвешаны язык.

Таргавацца зручна ў два этапы. Спачатку па тэлефоне збіць цану да мяжы нахабства, а пасля, ужо пры сустрэчы, тыкаць прадаўца ў кожную знойдзеную хібу і патрабаваць зніжку яшчэ і яшчэ. У нашым выпадку ад пачатковай цаны «Рэно Сцэнік» у 2900 еўра аднялося 350 еўра, прытым што спачатку прадавец даводзіў, што цана апошняя і перагляду не падлягае.

«Нябітых машын на літоўскіх аўтарынках не бывае,

— расказваў аўтаперагоншчык, які згадзіўся дапамагчы з выбарам. — Ёсць слаба бітыя і бітыя моцна». Калі пачытаць у інтэрнэце водгукі тых, хто нядаўна вярнуўся з Літвы, ахоплівае жах. А ёсць яшчэ і ілюстрацыі! Як фотаздымак з аўтавозам, дзе ўдала змясціліся рэшткі ад 14 розных машын. Аўтамабілісты, якія бачаць такую карціну, пачынаюць плакаць… Ці сапраўды на літоўскіх падпольных заводах днямі і начамі з дзвюх развалюх збіраюць адну машыну на хаду, сказаць складана. Скептыкі сцвярджаюць, што цана машын пасля такой ручной працы ўзрасла б у разы.

Рэальнасць больш‑менш аптымістычная.

Вядома ж, ёсць і развалюхі, месца якім у музеі дарожна‑транспартным здарэнням. Але хапае і прыстойных з выгляду машын, самыя відавочныя хібы якіх ужо схаваныя.

Хаваць праблемы ўдаецца не заўсёды. На адной са стаянак з краю стаяла аўто, на 500 еўра таннейшае за рынкавую цану. Дата выпуску была пазначаная як май 2000 года, таму, у прынцыпе, машына была прыдатнай. Вось толькі калі прадавец завёў матор… Такую колькасць дыму можна ўбачыць хіба што пры паленні шын. Але і такая машына знойдзе ўдзячнага кліента. Замяніць матор — і ў Беларусі яна будзе прадавацца ўдвая даражэй, чым у Літве.

Эвалюцыя цэнаў

Дзякуючы размовам з літоўскімі перагоншчыкамі, удалося прасачыць ланцужок росту цэн. Чаму ў Францыі патрыманае аўто — на прыкладзе папулярнага мінівэна «Рэно Сцэнік» — каштуе ўдвая танней, чым такая ж мадэль у Беларусі?

Напрыклад, зыходны кошт машыны ў Францыі — 1800 еўра. Перагоншчык‑літовец дадае да цаны яшчэ траціну — плюс 600 еўра. Частка з гэтых грошай сапраўды траціцца на дастаўку, але як мінімум палова — проста ў кішэню.

Перагоншчык‑беларус купляе машыну ўжо за 2500 еўра.

Яму трэба не толькі «адбіць» кошт візы і перавозкі аўто, але і аплаціць паслугі чалавека, на якога ўдасца аформіць дакументы. І ўзяць працэнт за рызыку. Менш чым тысячу еўра ён да цаны не дадасць. Вось і атрымліваецца, што для канчатковага карыстальніка машына даязджае за 3500 еўра — амаль $5000 даляраў у эквіваленце. Удвая даражэй, чым было на старце.

Дарэчы, дызельныя машыны даражэйшыя за бензінавыя аналагі ў сярэднім на 500 еўра.

«Беларусы вывезлі з Літвы, і адпаведна з Заходняй Еўропы, усё што змаглі.

Раней я на сваім аўтавозе прывозіў у тыдзень 50 машын, цяпер збіраю максімум 10, — тлумачыць перагоншчык‑прадавец. — Французы ўбачылі, што попыт узрос, і самі паднялі цэны».

Але літоўскія перагоншчыкі адназначна засталіся ў плюсе. За гарачыя паўгода яны выканалі сваю гадавую, а то і двухгадавую норму па продажах.

Перавагі маленькага горада

Нам не пашчасціла — мы трапілі на аўтарынак 1 мая. Менавіта ў гэты дзень у Літве святкуецца гадавіна далучэння краіны да Еўрасаюза, таму тыя адзінкавыя ўстановы, што ўвогуле працавалі, зачыніліся апоўдні. А дакументы ж хочацца аформіць як мага хутчэй… Прадавец хуценька абтэлефаноўвае сваіх знаёмых у натарыяльных канторах і знаходзіць тую, якая згадзілася пад’ехаць у офіс у пазапрацоўны час. Усё ж невялічкія гарадкі, дзе ўсе адзін аднаму знаёмыя, маюць свае перавагі.

Сярод іншага — недарагое пражыванне. Нумар ва ўтульным мясцовым гатэлі на дваіх каштуе 55 тысяч. Сытны абед на двух абыдзецца яшчэ ў 45 тысяч. Калі не хочацца плаціць за сэрвіс, ніхто не замінае абысціся сухім пайком. Закупіцца ў маркетах Maxima нарэзаным мясам ці курыцай грыль — таксама прымальны бюджэтны варыянт.

Непераможная карупцыя

Асалоду доўгай дарогі дадому могуць сапсаваць хіба што высокія цэны на паліва — амаль удвая даражэйшае, чым у Беларусі. Таму ашчадныя суайчыннікі стараюцца разлічыць, каб бензіну хапіла роўненька да мяжы і яшчэ на 10—15 км пра запас. А там ужо заліцца танным родным 92‑м.

Другая праблема — карупцыя. Раздураныя беларускімі перагоншчыкамі, мясцовыя даішнікі і памежнікі нават не хаваюць, што настроеныя на хабар. Гэта на нашым баку мяжы перад кожным акенцам вісіць надпіс пра тое, што выпадкова і невыпадкова забытыя ў дакументах грошы будуць разумецца як спроба даць хабар.

І адразу ж спасылка на адпаведны артыкул Крымінальнага кодэкса.

У літоўцаў прасцей.

«Зразумела, што прыгнаныя з Францыі машыны будуць з французскімі нумарамі, — расказвае перагоншчык. — Па законе пасля пакупкі трэба замест іх паставіць літоўскія. Гэта каштуе 100 тысяч рублёў. Але нават калі па дарозе трапіцца паліцыя, яны возьмуць хабар усяго 50 тысяч». Як кажуць, эканомія навідавоку.

«І не забудзьцеся на мяжы памежніку і мытніку 10 і 20 тысяч адпаведна, — працягвае ён. — Гэта такая слаўная традыцыя. Яны ўспрымаюць такую «дапамогу» як належнае і не чапляюцца да драбніц». Парада карысная, але вельмі псіхалагічна складаная для тых, хто не ўмее даваць хабар.

Шчыра кажучы, насамрэч літоўскі памежнік аказаўся іншым. На жаль, не ў тым плане, што катэгарычна адмовіўся ад любых грошай. Пахадзіўшы вакол машыны і чапляючыся да дробязяў па прынцыпе «не так ляціш, не так свісціш», ён параіў вяртацца ў Таўраге — між іншым, 250 км — па нейкую паперчыну. «Толькі ўлічвайце, што яе вам два дні будуць рабіць», — удакладніў мытнік. Пасля, пахадзіўшы вакол машыны, шэптам прапанаваў: «Ладна, 100 баксаў — і прапушчу. Пакладзіце ў свой багажнік, я адтуль забяру. Іначай ніяк».

Яўген Васількоў

Прыблізныя выдаткі на дарогу:

‑ Віза+страхоўка 65 еўра

‑ Страхоўка на машыну + паліва (ці аўтобусныя квіткі + паліва на адваротны шлях) 70 еўра

‑ Афармленне дакументаў (страхоўка і г.д.) 50 еўра

‑ Пражыванне 15 еўра

‑ Харчаванне 10 еўра

‑ «Сувеніры» літоўскім памежнікам 10 еўра

Усяго 220 еўра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0