Надыходзіць пара стварыць нейкі больш аб’ёмны беларускі погляд на Другую сусветную вайну.

Трэба, нарэшце, прызнаць, што беларусы выявалі ў той вайне на трох баках: у Чырвонай арміі, на баку Вэрмахта і ў польскіх Арміі Краёвай і арміі генерала Андэрса.
І на кожным з тых бакоў беларусы мелі сваю праўду, змагаючыся ці супраць Гітлера, ці супраць Сталіна, ці супраць абодвух.

Я перакананы, што асуджэння ці ўхвалення заслугоўваюць толькі індывідуальныя ўчынкі тых ці іншых людзей. Пагалоўна абвяшчаць героямі чырвонаармейцаў (ці, тым больш, якуюсь БКА) няправільна гэтаксама, як і запісваць людзей пагалоўна ў злачынцы толкі за прыналежнасць да таго ці іншага боку ўзброенага канфлікта.

І індывідуальны падыход павінен пачынацца з уласнай сям’і, з памяці пра ўласных продкаў і сваякоў, якія прайшлі праз Другую сусветную ці не вярнуліся з яе. Іхную памяць і трэба памінаць у гэты дзень.

Нейкіх палітычных ці «нацыятворчых» высноваў з 9 мая для Беларусі рабіць немагчыма, хаця ўлада марна спрабуе гэтым займацца.

Паспрабаваў трохі паразважаць на гэту тэму ў «Новай Эўропе»:

«9 мая для Беларусі — гэта дзень перамогі СССР над нацыянал-сацыялістычнай гітлераўскай Нямеччынай, дзень сканчэння доўгіх пяці або шасці гадоў пакутаў, смерці і крыві.Пры ўсёй важнасці гэтай перамогі, яна не апраўдвае папярэднія і наступныя зверствы савецкай улады ў Беларусі. Таксама яна

не дае права разглядаць злачынствы савецкага рэжыму адасоблена ад астатніх падзеяў таго этапу гісторыі і ад Другой сусветнай вайны ў тым ліку.
Як і будаваць бачанне гісторыі Другой сусветнай без памяці пра тое, што СССР у значнай ступені сам дапамог станаўленню нацысцкай ваеннай машыны і дэ-факта ўступіў у вайну ў 1939 годзе ў якасці хаўрусніка Гітлера, напаўшы на Польшчу.

Перамога СССР у Другой сусветнай таксама не дае права пагалоўна і паводле азначэння запісваць тых, хто ваяваў супраць Чырвонай Арміі, у здраднікі і злачынцы. Паводле гісторыкаў, за Нямеччыну цягам вайны ваявалі да мільёна савецкіх грамадзян — гэта беспрэцэдэнтная лічба для гісторыі Расіі.

Пасля далучэння да СССР, па Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне пракацілася хваля рэпрэсій і калектывізацыі.
Беспасярэдне перад сваім адступленнем у прыфрантавой паласе НКВД, што называецца, «разгружала турмы» і ліквідоўвала пазасталых вязняў, шмат якія з іх былі палітычнымі. У Беларусі ў гэтыя дні прадстаўнікі НКВД забілі сотні людзей у Ашмянах, Мінску, Глыбокім ды іншых гарадах.
Няўжо афіцыйная сучасная беларуская і расійская дзяржаўныя ідэалогіі сур’ёзна лічаць, што блізкія гэтых і шмат якіх іншых закатаваных ці сасланых у канцэнтрацыйныя лагеры людзей мусілі ваяваць за савецкую ўладу і не мелі разглядаць прыход немцаў як вызваленне?

Няўжо дзяржаўная ідэалогія сапраўды лічыць, што за савецкую ўладу мусілі ваяваць заходнебеларускія сепаратысты (якія і ўтваралі касцяк будучай БЦР), якія пасля «вызвалення» саветамі Заходняй Беларусі ў 1939 годзе вельмі хутка канчаткова ўсведамілі (тыя з іх, каго на той момант яшчэ не расстралялі ці саслалі ў канцлагер), якой «свабоды» варта чакаць ад бальшавікоў?

З другога боку, антысавецкасць не апраўдвае тых беларускіх палітыкаў і вайскоўцаў, якія відавочна ведалі пра Халакост ды іншыя нацысцкія злачынствы ў Беларусі, але не процістаялі ім. Усе правільныя высновы зрабіў Нюрнбергскі працэс. Людзі, якія спрыялі генацыду габрэяў і расправам над мірным насельніцтвам увогуле, ёсць саўдзельнікамі гэтых злачынстваў, нават калі пры гэтым яны кіраваліся ўзвышанымі намерамі што да беларускай незалежнасці.

Запляміўшы беларускі нацыянальны сцяг супрацоўніцтвам з Гітлерам, гэтыя людзі моцна паставілі пад сумнеў карысць, якую яны хацелі прынесці сваёй краіне.

Нарэшце, асобным, трэцім бокам у гісторыі Другой сусветнай вайны ў Беларусі стаіць польская Армія Краёва, у якой ваявалі тысячы тутэйшых жыхароў.

Для шмат якіх беларусаў (у тым ліку праваслаўных і тых, хто вызначае сябе як людзей беларускай нацыянальнасці) міжваенная Польшча была на парадак больш прывабнай дзяржавай, чым СССР ці гітлераўская Нямеччына
. Лічыць АК «не нашымі» мы падставаў не маем.»

Чытай цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?