Місія Міжнароднага валютнага фонду па пытаннях перспектыў супрацоўніцтва фонду з Беларуссю 12 мая пачне працу ў Мінску. Як паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі, група экспертаў на чале з кіраўніком місіі фонду па Беларусі Крыстаферам Джарвісам будзе знаходзіцца ў Мінску па 25 мая.

Падчас перамоў з уладамі будуць закрануты пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, грашова-крэдытнай і падатковай палітыкі. Будзе перагледжаны макраэканамічны прагноз для Беларусі, абмеркаваны рэжым валютнага курсу.

Акрамя гэтага, плануецца разгляд перспектыў і форм далейшага супрацоўніцтва Беларусі з МВФ. Раней прадстаўнікі беларускіх улад заяўлялі пра магчымасць абмеркавання новай крэдытнай праграмы. Аднак у інтэрв’ю агенцтву Рэйтэр 4 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе прасіць МВФ аб новых праграмах крэдытавання на фоне ажыўлення эканомікі, але разлічвае на кансультацыі спецыялістаў фонду па эканамічнай палітыцы.

«Цяпер мы ў МВФ крэдытаў не просім. МВФ, Сусветны банк заявілі, што Беларусь прайшла стадыю рэцэсіі. Праблем сёння няма ў нас з бюджэтам. Таму мы ў МВФ не запытваем дадатковых крэдытаў», — сказаў прэзідэнт.

«Мы будзем з імі супрацоўнічаць, але гэта супрацоўніцтва перайшло ў разрад кансультатыўных паслуг», — дадаў ён.

У канцы сакавіка Беларусь атрымала апошні транш крэдыту МВФ на 670 млн. долараў у межах праграмы крэдытавання stand-by на 3,5 млрд. долараў, зацверджанай у канцы 2008 года.

«Мы вельмі ўдзячныя МВФ і іншым фінансавым інстытутам за іх падтрымку ў гэты няпросты час для нашай эканомікі. Мы гэта будзем памятаць заўсёды», — сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю Рэйтэр.

Як раней паведамляў БелаПАН, у лісце пра намеры ў эканамічнай палітыцы, які прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч накіравалі 15 сакавіка кіраўніцтву МВФ, расходы бюджэту Беларусі, звязаныя з шокам змены цэн на нафту, што імпартуецца з Расіі, ацэньваліся амаль у 2 млрд. долараў ЗША.

«У кантэксце падрыхтоўкі новага пяцігадовага плана мы фармулюем парадак дня структурных рэформ на перыяд, які выходзіць за межы праграмы. У найбліжэйшыя некалькі гадоў структурныя рэформы будуць сканцэнтраваны на ўмацаванні інстытуцыйных асноў макраэканамічнай стабільнасці, што дазволіць рынкавым механізмам адыграць значную ролю ў размеркаванні рэсурсаў і стымуляваць развіццё прыватнага сектара за кошт спынення рэгулявання і прыватызацыі. Мы будзем цесна супрацоўнічаць з МВФ, Сусветным банкам і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў пытанні паслядоўнасці і хуткасці рэалізацыі структурных рэформаў», — адзначалася ў лісце. Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?