Паводле звестак бюро Еўрасаюза Frontex, у 2009 годзе амаль 5 тыс. беларусаў было адмоўлена на мяжы ва ўездзе на тэрыторыю краін ЕС. Пра гэта паведаміла прэс‑сакратар Frontex Ізабела Купер 10 мая ў Варшаве на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы.

Паводле яе слоў, 4,8 тыс. адмоў было дадзена падчас спробы беларускіх грамадзян з’ехаць у Польшчу.

Па колькасці адмоў грамадзянам на мяжы ва ўездзе на тэрыторыю ЕС Беларусь у мінулым годзе стала пятай пасля Украіны (каля 19 тыс.), Бразіліі, Расіі і Грузіі. Грамадзяне Украіны, Расіі і Грузіі таксама атрымалі большасць адмоў падчас спробы перасячы мяжу з Польшчай.

Як адзначыла прадстаўнік Frontex, асноўнымі прычынамі нядопуску грамадзян на тэрыторыю краін ЕС з’яўляюцца адсутнасць візы ці віда на жыхарства, дакумента, які пацвярджае мэты прыезду. Адмовы таксама атрымліваюць асобы, у якіх выяўляецца недахоп сродкаў для пражывання на тэрыторыі краін ЕС.

Агенцтва Еўрасаюза Frontex было заснавана ў 2004 г. Займаецца каардынацыяй дзейнасці членаў ЕС па пытаннях бяспекі вонкавай мяжы Еўрасаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?