Прадстаўнікі грамадскасці, міністэрстваў і федэральных земляў Аўстрыі на слуханнях 11 мая ў Вене выказаліся супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Вынік слуханняў падвёў Герхард Лойдль, прадстаўнік экалагічнай службы ўрада Верхняй Аўстрыі. «Інфармацыя, прадстаўленая на слуханнях афіцыйнай беларускай дэлегацыяй, бяздоказная, — заявіў ён. — Не даказана, што праект «АЭС‑2006» можна аднесці да «пакалення 3+». Уплыў АЭС на навакольнае асяроддзе аналізуецца не поўнасцю. Няма ніякай выразнасці ў пытаннях абыходжання з адходамі і з захоўваннем АЯП. Няясна, што адбудзецца ў выпадку падзення на ахоўны корпус рэактара пасажырскага самалёта. Магчымасці выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі ацэнены няправільна, няма яснасці са сцэнарыямі найболей цяжкіх аварый. Наш вывад: праект не гатовы. Просім прыпыніць яго рэалізацыю».

Па замове Міністэрства навакольнага асяроддзя Аўстрыі група даследчыкаў падрыхтавала экспертнае заключэнне па папярэдніХ АУНА беларускай АЭС, у якім праекту была дадзена негатыўная ацэнка. Доктар Антонія Веніш з Аўстрыйскага інстытута экалогіі, суаўтар экспертнага заключэння, заявіла на слуханнях, што прадстаўленая па афіцыйных каналах інфармацыя пра беларускую АЭС «не ўтрымоўвае аналізу рызыкаў». «Чаму ў нас няма гэтай інфармацыі? Верагоднасць катастрофы не выключана на 100%. Гэта пытанне важна для Аўстрыі», — сказала Веніш.

«Астравецкая пляцоўка знаходзіцца прыблізна на такой жа адлегласці ад Аўстрыі, што і Чарнобыльская АЭС. Каля 3% чарнобыльскіх радыёнуклідаў выпала ў Аўстрыі, і мы не хочам, каб гэта паўтарылася, таму мы супраць», — заявіў прадстаўнік аўстрыйскай грамадскай арганізацыі «Глобал 2000» Рэйнхард Урыг.

Па запрашэнні «Глобал 2000» у Вену прыехалі прадстаўнікі грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС Ірына Сухій (ГА «Экадом») і Андрэй Ажароўскі (група «Экаабарона»). Яны прадставілі на слуханнях заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы, якое таксама гаворыць аб непрымальнасці і павышанай небяспецы праекта Астравецкай АЭС.

Вядучы слуханняў, прадстаўнік Міністэрства навакольнага асяроддзя Аўстрыі Вільхельм Фогель паведаміў, што па выніках кансультацый і слуханняў па беларускай АЭС будзе складзены дакумент, які будзе афіцыйна накіраваны ў Беларусь.

Аўстрыя адмовілася выкарыстоўваць ядзерную энергетыку на рэферэндуме ў 1978 годзе і з таго часу актыўна выступае супраць будаўніцтва новых АЭС і за выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?