1910. Польскі рэжысёр Герц зняў нямы фільм паводле рамана «Меір Эзаховіч». Гэты раман нарадзіўся ў Ажэшкі з назіранняў над побытам жыхароў гарадзенскіх прадмесцяў. Фільм не захаваўся — пра го не так шмат вядома: ён здымаўся на берагах не Нёмана, а Віслы, а рэжысёр выкарыстоўваў працу актораў варшаўскіх тэатраў. Фільм атрымаўся вельмі жыццёвым: на вузкіх вулках габрэйскага квартала віруюць чалавечыя жарсці. Стужка мела вялікі поспех у расійскім і амерыканскім пракаце.

1939. У гэты год выбітная польская рэжысёрка Ванда Якубоўска мусіла дэбютаваць поўнаметражным «Над Нёманам», паводле эпічнага рамана гродзенскай пісьменніцы. Здымкі фільма адбываліся ў 1937-1939 на беларускай натуры: ля вёскі Багатырэвічы, тады гэта было Беластоцкае ваяводства (цяпер Мастоўскі раён). Нагадаем, паблізу Багатырэвічаў, на наднёманскім узгорку, знаходзіўся крыж Яна і Сесіліі, прататыпаў сямейнай пары з раману, якія сваім пакручастым лёсам маглі даць пачатак гісторыі. Прэм’ера «Над Нёманам» павінна была адбыцца ў варшаўскім кінатэатры «Калізей» 5 верасня 1939 г … Падчас вайны негатывы стужкі зніклі — лічыцца, што ў выніку нямецкага бамбардавання.


Кадр са стужкі "Над Нёманам", у ролі беларускага селяніна Ержы Зыгмунт Новак

1987. Збігнеў Кузьмінскі аднавіў працу над самым вядомым творам Ажэшкі, раманам «Над Нёманам». Гэта быў мастацкі фільм, які праз год ператварыўся ў міні-серыял. На думку польскіх кінакрытыкаў рэдка які твор польскай літаратуры гэтак «добра прыдатны да рэалістычнай адаптацыі ў кінематографе». Але да поспеху фільма прыклаўся і рэжысёр: каб як след сканцэнтравацца на сюжэце і дзеючых постацях, ён абмінуў сваёй увагай шматстаронкавыя апісанні прыроды, якія ўласцівыя Ажэшцы і якія гэтак знялюбелі школьнікі. Аднак Кузьмінскі захаваў канструкцыю Ажэшкавай аповесці, і скарыстаўся з арыгінальных дыялогаў. Была ўнесена толькі адна важная змена ў акцэнтах. У кнізе рамантычная лінія паміж Юстынай і Янам суправаджаецца важнай нацыянальна-патрыятычнай лініяй канфлікту паміж сем’ямі Багатыровічамі і Карачынскімі. У стужцы ж, што была знятая яшчэ за часамі сацыялістычнай Польшчы, рамантычныя моманты былі высунутыя на першы план.

1990. Беларускі рэжысёр, кінааператар стужкі «Людзі на балоце», Дзмітры Зайцаў зрабіў старанную экранізацыю аповесці «Хам», «Франка — жонка хама». На ролю Франкі была запрошаная таленавітая польская акторка Ханна Дуноўска. Фільм атрымаўся са складанай вяззю псіхалагічных адносін і ўцямнай ігрой актораў. Журы кінафэсту ў іспанскім горадзе Кандасе, уручаючы ІІ гранд-пры, пагадзіліся ў ацэнках: Зайцаву ўдалося адкрыць Еўропе паказаць новую для яе ментальнасць, прадэманстраваўшы незнаёмы ёй кут планеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?