Праграма «Выбар» (вядучы — Сяргей Дарафееў), прысвечаная будаўніцтву атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне, была паказаная на канале АНТ вечарам 17 мая.
На сайце АНТ у архіве пакуль гэта перадача не з'явілася.
Калі ў студыі быў прыкладны парытэт сярод удзельнікаў дыскусіі, то 87% тэлегледачоў, што пазванілі ў эфір, заявілі, што не вераць у бяспеку сучасных АЭС.
Удзел у перадачы ўзялі прадстаўнікі Аакадэміі навук, Мінэнерга, Мінпрыроды, эколагі, прадстаўнікі грамадскасці.
Так, апаненты будаўніцтва АЭС расійскі эколаг Андрэй Ажароўскі і старшыня рады ГА «Экадом» Ірына Сухій звярнулі ўвагу на тое, што прапанаваныя да рэалізацыі ў Беларусі рашэнні «у метале нідзе не ўвасобленыя», называючы праект будучай АЭС‑2006 «эксперыментальным». «Гаворка ідзе пра рэактар ВВР‑1200,
такога рэактара нідзе няма», — падкрэсліў А.Ажароўскі,зазначае Інтэрфакс.
Бралі ўдзел у дыскусіі вядомыя навукоўцы Іван Нікітчанка і Георгі Лепін, якія таксама выступалі супраць АЭС. Быў таксама паказаны досыць узважаны сюжэт з Астравецкага раёна, дзе далі слова як староннікам АЭС, так і краязнаўцам, заклапочаным перспектывай знішчэння ўнікальнага гістарычнага ландшафту Астравеччыны, так і людзям, якія клапоцяцца пра здароўе сваіх дзяцей.
СМС‑чат таксама быў збольшага ў наступным рэчышчы: навошта нам гэтая АЭС — здароўе важней.
«Гаворка ідзе пра тое, што сюды хоча прыйсці магутная карпарацыя з маёй краіны (Ажароўскі - грамадзянін Расі) — Расатам, якая валодае невычэрпнымі дзяржаўнымі рэсурсамі, якая гатовая пераканаць легкаверных людзей, што няма розніцы, які рэактар. Яна прапіхвае свой праект.
Задайце пытанне, каму выгаднае будаўніцтва АЭС у Беларусі? Расатаму», — цытуе словы Ажароўскага «Інтэрфакс».