Толькі дзве вядомыя асобы адмовіліся паставіць подпісы за перайменаванне вуліцы Ульянаўскай у Мінску ў вуліцу Васіля Быкава. Гэта Мікалай Чаргінец і Алег Трусаў. Пра гэта на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведамілі актывісты кампаніі «Гавары праўду».

Па іх словах, кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Чаргінец патлумачыў сваю пазіцыю тым, што пэўны час таму ўжо звярнуўся з падобнай ініцыятывай да ўладаў і чакае адказу. Што тычыцца Трусава, то ён, маўляў, сваю адмову не абгрунтаваў.

У інтэрв’ю старшыня ТБМ заявіў, што ягоным подпісам ініцыятары не цікавіліся:

«Да мяне звярнуўся прадстаўнік гэтай групы, каб ТБМ дапамагала ім подпісы збіраць за гэтую вуліцу. Мне персанальна падпісвацца ніхто не прапаноўваў, а хацелі, каб ТБМ працавала на гэтую невядомую мне кампанію.

На што я адказаў, што я на рускамоўныя ці расійскія кампаніі не працаваў і працаваць не буду
. Таму што паштоўкі ўсе зробленыя па‑расійску, надрукаваныя ў Смаленску… І наогул, за гэтымі кампаніямі стаяць незразумелыя мне людзі».
Трусаў заявіў, што ён не супраць з’яўлення вуліцы Быкава ў Мінску, але гэта мусіць быць не Ўльянаўская, якую прапануюць ініцыятары. На думку кіраўніка ТБМ, найлепш было б звярнуцца да ўладаў з прапановай надаць імя Быкава новай вуліцы.

«Я не разумею, чаму менавіта Ўльянаўская! Што, там Быкаў жыў? Не, ён там не жыў — ён жыў на вуліцы Танкавай. Ну тады давайце вуліцу Танкавую, якую потым зрабілі імя Максіма Танка, падзелім папалам. Палова будзе Максіма Танка, а там, дзе жыў Быкаў (а я быў не раз у яго дома), назваць вуліцай Быкава. Я не разумею, чаму Ўльянаўская…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?