Як паведаміў Сяргей Панамароў з Клецка, сёння, 19 мая да яго дамоў наведалася невядомая жанчына, якая прадставілася судовым выканаўцам Вышэйшага гаспадарчага суду. Службовае пасведчанне госця не паказала, таму гаспадар вырашыў не пускаць яе ў дом. Размаўлялі праз фортку. Жанчына задавала пытанні пра дзейнасць выдаўца: на якія сродкі і дзе ён друкуе бюлетэнь «Бойкі Клецак», а таксама на якія сродкі рэдагуе сайт. Пытанні гэтыя С. Панамарову падаліся дзіўнымі, бо з Гаспадарчым судом ён меў дачыненне паводле зусім іншай справы. У 2005 годзе ў яго канфіскавалі дрэваапрацоўчы цэх, які ён арганізаваў у кінутым будынку, выкупленым ім у горада. Акрамя таго Панамарова, на той час індывідуальнага прадпрымальніка, абвінавацілі ў нявыплаце арэндных плацяжоў. Некалькі год судовыя выканаўцы прыходзілі да яго, каб апісаць маёмасць.

Пасля падазронага візіту Сяргей Панамароў наведаўся ў мясцовы суд, каб даведацца, хто ж да яго прыходзіў. У судзе яму паведамілі, што па такіх справах яго могуць наведваць толькі судовыя выканаўцы Клецкага суду. Акрамя таго, справа ягонага бізнесу скончаная, былы прадпрымальнік больш нічога не вінен.

«Я яшчэ ўчора пачаў рыхтавацца да візітаў, пасля ператрусаў па ўсёй краіне. Таму асабліва не здзівіўся», — кажа клецкі выдавец. Ён мяркуе, што сённяшні візіт — адна са спробаў спыніць яго працу над сайтам і бюлетэнем.

Сёння ж Сяргей Панамароў вывесіў над сваім домам бел-чырвона-белы сцяг у знак салідарнасці з сябрамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?