Сутнасць справы: міністэрства распачало крымінальную справу супраць друкарні, што публікавала матэрыялы апазіцыі.

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў сёння з’явіўся каментар адносна завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да актывістаў грамадскай кампаніі «Гавары праўду».

Нагадаем, ператрусы на мінскіх і рэгіянальных офісах прайшлі 18 мая, а Уладзімір Някляеў (старшыня ініцыятывы), Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў на тры дні трапілі за краты

У паведамленні МУС гаворыцца:

Ленінскі РУУС г.Мінска заведзена крымінальная справа № 10011021318 па ч. 1 арт. 250 КК Рэспублікі Беларусь «Распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах» у дачыненні да кіраўніцтва выдавецкай фірмы ТАА «Діксэнд».

Падставай для завядзення крымінальнай справы сталі вынікі праверкі паводле заявы ў органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што паступіла 29 красавіка 2010 года ад уладальнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю

аб незаконным выкарыстанні гандлёвай назвы, юрыдычнага адрасу і іншых дадзеных іх фірмы на друкаванай прадукцыі ТАА «Діксэнд».

У ходзе правядзення аператыўна‑следчых дзеянняў было ўстаноўлена, што друкаваная прадукцыя выраблялася ТАА «Діксэнд» па замове кіраўнікоў руху «Наперад» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» У. Някляева і С. Вазняка. Акрамя фактаў парушэнняў заканадаўства з іх боку, што насілі масавы і сістэматычны характар, былі выяўленыя іншыя парушэнні, датычныя фінансавай дысцыпліны прадпрыемства.

Вынікам правядзення неадкладных следчых дзеянняў стала канфіскацыя з незаконнага абароту 2 адзінак агнястрэльнай зброі, 39 патронаў рознага калібру, 6 адзінак халоднай зброі, а таксама наркатычнага рэчыва расліннага паходжання.

Зараз падраздзяленнямі па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з зацікаўленымі ведамствамі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і дакументацыі супрацьпраўнай дзейнасці названых асоб, ацэньваецца шкода, нанесеная дзяржаве, а таксама інтарэсам камерцыйнай фірмы.

***

Як паведаміў у каментары Еўрарадыё Сяргей Вазняк, патроны сапраўды былі, але не баявыя.

«Мне толькі вядома, што ў Някляева былі знойдзеныя і канфіскаваныя пры ператрусе будаўнічыя патроны. Больш мне нічога невядома... У мяне дома канфіскавалі пры ператрусе толькі сістэмны блок камп'ютара майго сына і дзве флэшкі майго сына. Пра наркотыкі нічога не ведаю, не чуў».

Што да назвы фірмы на прадукцыі кампаніі, то сп.Вазняк заявіў, што нідзе не бачыў гэтай назвы, хаця бачыў усю друкаваную прадукцыю кампаніі «Гавары праўду!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?