Партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі выступіла з ініцыятывай утварыць альтэрнатыўны ўрад для адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Сузаснавальнікі партыі Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец пачалі кансультацыі з палітычнымі і грамадзкімі лідэрамі, а таксама незалежнымі экспэртамі адносна фармаваньня каманды адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

На думку прадстаўнікоў БХД, альтэрнатыўны ўрад павінен прадставіць праграму пераменаў для Беларусі ў выглядзе канкрэтных законапраектаў і сьпісу асобаў, якія гатовыя зьдзейсьніць рэформы.

Плянуецца, што ў склад альтэрнатыўнага ўраду ўвойдуць ня менш за 20 ценявых міністраў — адмыслоўцаў у галінах дзяржаўнага кіраваньня, эканомікі, сацыяльнай палітыкі, адукацыі і культуры.

«Мы прапануем зрабіць раскрутку альтэрнатыўнага ўраду стрыжнем кампаніі адзінага кандыдата, — кажа Павал Севярынец. — Калі падчас прэзыдэнцкай кампаніі будуць штотыднёва прэзэнтавацца асобныя кірункі дзейнасьці новага ўраду, — дэмакратычная альтэрнатыва зробіцца для беларусаў значна больш зразумелай. Для таго каб людзі пайшлі за намі — і ў кампанію, і на Плошчу, — яны павінны ясна ўяўляць, за якія перамены мы змагаемся і што мы будзем рабіць пасьля перамогі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?