Гатункі піва «Аліварыя Портэр» і «Аліварыя Экстра» высока ацанілі ў Бельгіі і Аўстраліі.

Гатункі піва найстарэйшай мінскай піваварні «Аліварыя» былі адзначаныя дзвюма прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. Пра гэта паведаміў журналістам гендырэктар ААТ «Піўзавод Аліварыя» Міхаіл Чэчанеў. «Аліварыя Портэр» і «Аліварыя Экстра» вытворчасці мінскіх півавараў высока ацанілі ў Бельгіі і Аўстраліі. На штогадовым конкурсе Superior Taste Award (Брусель), які ладзіцца Міжнародным інстытутам смаку і якасці (iTQi), гатунак «Аліварыя Экстра» атрымаў дзве зоркі — катэгорыя «цудоўны смак». Дэбютанту конкурсу «Аліварыя Портэр» не хапіла аднаго бала, каб атрымаць найвышэйшую ўзнагароду «выбітны смак». У выніку «Портэр» атрымаў таксама дзве зоркі. Затое ў Аўстраліі на міжнародным конкурсе The Australian International Beer Awards (AIBA) «Аліварыя Портэр» атрымаў «золата». «Аліварыя Экстра» ў Мельбурне атрымала «бронзу».

Поспехі на міжнародных конкурсах будуць выкарыстаныя кампаніяў у тым ліку і дзеля прасоўвання прадукцыі на знешніх рынках. У самых смелых планах выхад на еўрапейскія рынкі — Літва, Латвія, Германія, Бельгія. А пакуль «Аліварыя» досыць паспяхова засвойвае расійскі рынак.

Экспарт у Расію па стане на пачатак мая вырас у 91 раз: за апошнія чатыры месяцы 2009 г. у РФ паставілі 160 дал піва (1600 л), за першыя пяць месяцаў гэтага году — 14710 дал (147100 л).

На прэс-канферэнцыі ўзгадалі таксама забарону ўжывання піва ў грамадскіх месцах. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, папярэднія разлікі магчымых стратаў з-за новаўвядзення могуць прывесці да скарачэння долі на рынку піва на 1-2%.

Па стане на студзень – красавік 2010 г., паводле звестак «Белдзяржхарчпраму», доля рынка ААТ «Піўзавод Аліварыя» складае 18,2 %.

Доля імпартнага піва на беларускім рынку складае каля 30%. У сувязі з гэтым «Аліварыя» распачынае кампанію па стварэнні пазітыўнага вобраза беларускага піва ды змяненні стаўлення да яго з боку не толькі айчыннага, але і замежнага спажыўца. Дзеля гэтага кампанія абвясціла конкурс для СМІ на найлепшы аналітычны і інфармацыйны матэрыял.

***

«Аліварыя» з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі вытворцам піва. У маі 2008 года ААТ «Піўзавод «Аліварыя» стала часткай міжнароднага канцэрна Carlsberg A/S, які выкупіў долю Baltic Beverages Holding. На гэты час Carlsberg з’яўляецца стратэгічным інвестарам і адным з галоўных акцыянераў «Аліварыі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?