Рашэнне аб накіраванні беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў сілавых аперацыях Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) будзе прымаць прэзідэнт. Пра гэта паведаміў журналістам міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін, каментуючы ратыфікацыю Палатай прадстаўнікоў 26 мая пагаднення аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ.

Паводле яго слоў, ад Беларусі ў склад КСАР АДКБ увойдуць злучэнні Узброеных сіл (амаль 2.000 чалавек), спецыяльны атрад хуткага рэагавання МУС (80 чалавек), афіцэры спецпадраздзяленняў КДБ (30 чалавек) і хуткага рэагавання МНС (30 чалавек).

Як адзначыў Жадобін, ратыфікацыя пагаднення не азначае, што ўзброеныя сілы Беларусі «будуць накіроўвацца калі і куды захочацца».

«У кожным асобным выпадку будзе рыхтавацца ўказ кіраўніка дзяржавы. У ім будзе канкрэтна прапісана, як, калі і на якіх умовах нашы ўзброеныя сілы будуць накіроўвацца за мяжу», — сказаў міністр абароны.

Пагадненне аб КСАР АДКБ было падпісана Беларуссю 15 кастрычніка 2009 года з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў — членаў АДКБ для супрацьстаяння ўзброенаму нападу, у тым ліку агрэсіі, і супрацьдзеяння іншым выклікам і пагрозам. З краін АДКБ ад падпісання пагаднення ўстрымаўся Узбекістан.

У адпаведнасці з дакументам бакі ствараюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, якія з’яўляюцца кампанентам пастаяннай гатоўнасці сіл і сродкаў сістэмы бяспекі АДКБ. Пры гэтым КСАР не могуць прымяняцца для вырашэння спрэчак паміж бакамі, якія падпісалі пагадненне.

Рашэнне аб складзе, тэрмінах разварочвання і прымянення кантынгенту КСАР прымаецца Саветам калектыўнай бяспекі на падставе афіцыйнага звароту аднаго ці некалькіх бакоў на аснове кансэнсусу і згоды бакоў, для якіх пагадненне набыло моц.

Варта адзначыць, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў сумненне ў дзеяздольнасці і неабходнасці АДКБ. Спачатку гэта прагучала 20 красавіка, калі прэзідэнт адказваў на пытанні па выніках свайго паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Затым падобную заяву ён зрабіў 25 красавіка, падчас галасавання на мясцовых выбарах.

Паводле меркавання Лукашэнкі, неэфектыўнасць АДКБ выявілася ў сувязі з падзеямі ў Кыргызстане. Гаворка ідзе аб нежаданні Расіі, якая старшынствуе ў гэтай структуры, заняцца ўрэгуляваннем сітуацыі ў Кыргызстане, які ўваходзіць у АДКБ, з выкарыстаннем механізмаў, прадугледжаных яе статутнымі дакументамі.

Нагадаем таксама, што летам 2009 года Лукашэнка дэ‑факта адмовіўся падпісваць пагадненне аб стварэнні КСАР, а таксама прымаць на сябе старшынства ў АДКБ у адказ на забарону паставак малочных прадуктаў у Расію.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?