Аляксандр Лукашэнка па‑ранейшаму не шкадуе, што прыняў звергнутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Пра гэта ён заявіў 27 мая на сустрэчы са студэнтамі Магілёва і вобласці.

«На АДКБ, пасля доўгіх дыскусій, у рашэнні было запісана, што ў Кіргізіі адбыўся неканстытуцыйны пераварот і гэтак далей і да таго падобнае. І потым Бардзюжа, вы ўжо ў СМІ, напэўна, бачылі, вымушаны быў заявіць, што пазіцыю прэзідэнта Беларусі вымушаны былі падтрымаць усе кіраўнікі дзяржаў. Там цэлы клубок, і абвінавачваць сёння Бакіева — гэта беспрынцыпна», — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў аб сустрэчы прэзідэнтаў на возеры Ісык‑Куль:

«Курманбек Саліевіч нас прымаў. Зусім нядаўна было. Усё, як належыць, па‑прэзідэнцку. Той жа Мядзведзеў, Назарбаеў — усе. Як ён стараўся. Прэзідэнты ж таксама людзі. Усе сядзелі, выпівалі, казалі прыгожыя словы, што толькі не рабілі. Праз два месяцы — нікому не патрэбны. Калі ідзе — адварочваюцца, вобразна кажу. Пазваніў — заняты, дзесьці ў полі, ледзь ці не сее сам на сеялцы. Так было.

Ён мне расказваў. Ён сапраўды ў нас, у Беларусі. Я даручыў яго даставіць, яго даставілі. Аэрапорты былі закрыты, неба было закрыта [з‑за воблака вулканічнага попелу]. Дзякуй украінцам, што яны там не артачыліся. Мы яго своеасаблівымі метадамі на самалёце, на нізкіх вышынях, але мы яго даставілі ў Беларусь. І не толькі яго, але і яго сям’ю, з яго маленькімі дзецьмі».

Лукашэнка зазначыў, што ніяк не можа «стаць сапраўдным палітыкам, як усе палітыкі:

кракадзілавая скура, закасцянелая, сёння гэта так, а заўтра па‑іншаму, сёння сказаў, а заўтра забыўся». «У нас у палітыцы гэта норма. І вы, напэўна, таксама чулі часта з маіх вуснаў, што я прыхільнік шчырай палітыкі, наколькі гэта магчыма. Але я ніколі ў брудную палітыку не гуляў, клянуся вам, ніколі. І, па вялікім рахунку, не маніў, асабліва публічна. І я не хачу прымаць тэзіс, што палітыка — справа брудная», — заявіў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?