Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць
    ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю
    гісторыі беларускага народу.
    Ігнат Абдзіраловіч «Адвечным шляхам»
    Беларусь павінна стаць мостам,
    які зьвязвае Ўсход і Захад.
    Аляксандар Лукашэнка, з ппасланьня да народу 23.04.2009
    Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія.
    Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж

    двума цэнтрамі ўплыву ‑‑ Эўразьвязам і Расеяй.
    Сяргей Мартынаў у інтэрвію венскаму выданьню Der Standard

    .Гэта «між» залезла ў косьці,
    Пакуляла ўсё ўверх дном.
    Правяць баль у хаце госьці,
    гаспадар жа — пад сталом.
    Сяргей Законьнікаў «Між Варшавай і Масквой»

***

Каб быць ПАМІЖ, трэба спачатку БЫЦЬ. Бытаваньне ПАМІЖ шкодзіць самому БЫЦЬЦЮ, пазбаўляючы яго паўнаты. ПАМІЖнасьць ‑‑ гэта памежнасьць, пэрыфэрыйнае існаваньне й мысьленьне.

МОСТ гэта — месца транзыту, а не бытаваньня. На ім не спыняюцца, па ім толькі рухаюцца да іншага берагу.

Ёсьць геаграфія прасторы і геаграфія душы. У геаграфіі душы няма ПАМІЖнасьці, няма МАСТОЎ, уся духовая прастора запоўнена ТУТнасьцю. Сутнасьць ТУТнасьці у цэнтрызьме мысьленьня. Цэнтрычнае мысьленьне накіроўвае думку й пачуцьці на БЕЛАРУСЬ, а не на ПАМІЖнасьць і не на МОСТ. Я, ТУТны беларус, не хачу быць на ПАМІЖным МОСЬЦЕ. Хачу быць ТУТ ‑‑ на духовым КАНТЫНЭНЦЕ, сучаснае імя якому — БЕЛАРУСЬ.

Розум без пачуцьця не поўнавартасны. ТУТнасьць завастрае адказнасьць за долю Бацькаўшчыны, узбуджае творчую думку, працуе на будучыню праз наданьне поўнацэннасьці гістарычнай рэтраспэктыве, замацоўвае адчуваньне прысутнасьці [Антытэза «адсутнасьці», пра якую піша Валянцін Акудовіч у кнізе«Код адстунасці»]

ТУТ — гэта зямля й жыцьцёвы лад, у якім жылі мае продкі. ТУТ — гэта мова, якую яны тварылі й якой я карыстаюся. ТУТ — гэта мае мастацкія каштоўнасьці й эстэтычныя густы. ТУТ — гэта магілы продкаў, што лучаць мяне з народам. Пакуль жыву, буду ТУТнічаць, буду памятаць, што кожная мясьціна ў геаграфіі народнай душы — гэта мой быційны цэтар.

На кантынэнце душы ‑‑ мой пачатак і працяг. На ім ‑‑ мае творчыя вытокі й імпульсы. На ім усе формы, колеры, вузоры, якімі ўзбагачу суродзічаў і якія пакіну ў вянку сусьветнай духовасьці.

Беларуская душа вымяраецца не навакольлем з мастамі, а сукупнасьцяй ТУТных жыцьцяў, што папярэдзілі маё існаваньне. Народ — біялягічна‑сацыяльная рэальнасьць, якая, мяняючы формы, захоўвае гістарычную цягласьць. У якой бы ладавай структуры ні бытавалі мае продкі, я неразлучна спалучаны зь імі. Я — акумулятар іхняй быційнай і творчай энэргіі. Я, ТУТны беларус — біялягічны й духовы спадчыньнік стагодзьдзяў, сувязны мінуўшчыны й будучыні.

Новыя формы жыцьця ствараюцца на духовай глебе, апрацаванай продкамі. Зьменлівасьць гістарычнага бытаваньня не мяняла іхняе ТУТнасьці, іхняе сувязі зь зямлёй, на якой яны жылі, якую любілі й баранілі, якая перайшла мне ў спадчыну й якую я маральна абавязаны перадаць нашчадкам.

Культурныя элемэнты, перанятыя зь іншых духовых кантынэнтаў, у моц іхняга прыняцьця, становяцца кампанэнтамі маёй культуры, арганічнай часткай маёй ТУТнасьці. У век глябалізацыі не ўцячэш ад вонкавага сьвету. «Беларуская хвароба» — уцяканьне ‑‑ праз МОСТ ‑‑ ад сябе саміх. Маё ж месца ТУТ, на кантынэнце Беларускай душы, на камені прашчурнай спадчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?