Штраф на актывіста наклала ДАІ — яго абвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху 20 красавіка. Але гэта, на думку апазыцыянэра было толькі падставай для затрыманьня.

Апазыцыянэр кажа, што супрацоўнікі ДАІ затрымалі яго невыпадкова — бо ў яго пры сабе была відэакасэта з запісам, як на будынку Кастрычніцкага РАУС вывешваюць сьцяг.

Падзеі са сьцягам на пастарунку адбываліся 20 красавіка , калі ў райаддзел прывезьлі затрыманых віцебскіх актывістаў, у тым ліку Сяргея Каваленку, якога ў той дзень мусілі судзіць. У Кастрычніцкі райсуд ён прыйшоў пад бел‑чырвона‑белым сьцягам, што й сталася пачаткам шматлікіх затрыманьняў у Віцебску.

Барыс Хамайда згадвае, што на машыне ДАІ яго даставілі ў Чыгуначны РАУС і тут жа пры асабістым даглядзе знайшлі і канфіскавалі відэакасэту, якую ён меркаваў схаваць і пазьней перадаць журналістам. На думку актывіста, за ім сачылі, бо адразу, як толькі на будынку Кастрычніцкага райаддзелу зьявіўся сьцяг, на вуліцу выскачылі міліцыянты і пачалі хапаць актывістаў, якія прыйшлі даведацца пра лёс затрыманых раней аднадумцаў.

Афіцыйную паперу пра тое, што ён усё ж аштрафаваны за парушэньне правілаў дарожнага руху, Барыс Хамайда атрымаў толькі сёньня.

Практыка затрыманьня актывістаў з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ зьявілася ў Віцебску нядаўна. 6 траўня за падобнае парушэньне быў затрыманы сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка. Калі ён ня стаў адмаўляць свае віны і прапанаваў адразу заплаціць штраф, яго завезьлі ў пастарунак, а потым, склаўшы пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?