Гродна мае ўсе падставы атрымаць у будучым статус горада‑музея. Пра гэта паведаміў у чацвер на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

«Што датычыцца Гродна як горада‑музея, я лічу, ён мае ўсе падставы для атрымання гэтага статусу.

Горад вельмі цікавы ў гістарычным плане, і ўсе музеі, якія там размяшчаюцца, маюць не толькі гарадскую, але і агульнарэспубліканскую значнасць. Цяпер ініцыятыва за горадам, а Міністэрства культуры толькі падтрымае гэту ідэю, бо наданне статусу горада‑музея — не толькі факт прызнання, але і стымул для далейшага развіцця», — сказаў Тадэвуш Стружэцкі.

Намеснік міністра таксама нагадаў аб перспектыўным беларускім праекце «Культурная сталіца года», у якім змогуць прыняць удзел усе беларускія гарады, якія маюць для гэтага падставы. «Ужо ёсць вопыт правядзення аналагічнага еўрапейскага праекта пад назвай «Культурная сталіца Еўропы». Званне культурнай сталіцы Беларусі павінна стымуляваць гарады для развіцця, у Гродна ёсць усе шанцы атрымаць статус «Культурная сталіца года» ў наступным годзе або праз год, і гэта дапаможа яму не толькі максімальна прадставіць палітру існуючых культурных мерапрыемстваў, але і стварыць новыя», — лічыць Тадэвуш Стружэцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?