Хорст Кёлер, адзін з лідэраў уплывовай нямецкай палітычнай партыі ХДС (Хрысціянскі Дэмакратычны Саюз), займаў пасаду прэзідэнта Германіі ад 2004 г.
Нягледзячы на тое, што функцыі прэзідэнта ў гэтай краіне збольшага рэпрэзентатыўныя — рэальная ўлада належыць кіраўніку ўрада — Хорст Кёлер быў папулярным палітыкам і не быў заўважны ў скандалах.

Першая падобная гісторыя, што з ім здарылася, і стала прычынай зыходу з займаемай пачэснай пасады.

 Хорст Кёхлер, фота з Вікіпедыі.

Хорст Кёхлер, фота з Вікіпедыі.

20-га траўня прэзідэнт, па вяртанні з Афганістану, дзе прайшла сустрэча з прадстаўнікамі нямецкіх вайскоўцаў, ён у гутарцы з журналістам грамадскай радыёстанцыі Deutschlandfunk сказаў, што «пытанне вываду нямецкіх жаўнераў з Афганістану, чаго дамагаецца большасць грамадства, патрабуе абмеркавання і залежыць ад крокаў па адбудове гэтай краіны». Нямецкі прэзідэнт таксама дадаў, што Германія, якая жыве за кошт замежнага гандлю, павінна разумець важнасць забеспячэння бяспекі гандлёвых шляхоў з дапамогай арміі і тэарэтычную неабходнасць выкарыстання арміі для абароны сваіх эканамічных інтарэсаў.

Пасля такіх словаў ад Хорста Кёлера нямецкія СМІ не пакінулі і сухой ніткі. «Frankfurter Allgemeine Zeitung», «Тageszeitung» і іншыя ўплывовыя выданні, ня кажучы аб жоўтай прэсе, у адзін голас абвінавацілі прэзідэнта ў жаданні развязаць гаспадарчыя войны. Да газет далучыліся і палітыкі, нават з роднай для Кёлера ХДС. Маўчала адно Ангела Меркель, хаця менавіта яе падтрымка магла выправіць сітуацыю.

У выніку 31 траўня Хорст Кёлер абвясціў аб сваім зыходзе з пасады прэзідэнта.

«Абвінавачванні ў закліках да неканстытуцыйнага выкарыстання арміі пазбаўленыя сэнсу. Яны сведчаць аб адсутнасці павагі да вышэйшага кіраўніцтва краіны»,
 — паведаміў Кёлер па прэс-канфэрэнцыі.

Такія праявы палітычнай культуры для Беларусі выглядаюць вельмі незразумела. У нас высокія чыноўнікі самастойна ад пасад не адмаўляюцца. А тым больш праз непрыемны шум вакол сваёй асобы, ня кажучы ўжо аб абвінавачваннях у неканстытуцыйнасці сваіх заяваў. Калі б крытэр адпаведнасці выказванняў беларускіх чыноўнікаў найвышэйшаму закону краіны быў асноўным крытэрам іх адпаведнасці займаемым пасадам, то ў нашай краіне адстаўкі адбываліся б ці не штотыдзень. Хаця ў выпадку з нямецкім прэзідэнтам зусім ня ўсё так зразумела. Угледзець ў яго словах заклікі да неканстытуцыйнай дзейнасці можна было толькі маючы вялікае жаданне іх знайсці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?