Пракуратура горада Баранавічы 31 мая распачала справу на падставе арт. 153 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання) у дачыненні да 25‑гадовай мясцовай жыхаркі, якая збіла свайго пяцігадовага сына.
Як паведаміла старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук, раніцай 4 мая работнікі дзіцячага садка заўважылі сляды пабояў на твары дзіцяці, якое скардзілася на галаўны боль. Яны выклікалі хуткую дапамогу, і хлопчык быў змешчаны на стацыянарнае лячэнне.
«Аказалася, што напярэдадні вечарам сына ў прысутнасці бацькі збіла рэменем з металічнай спражкай маці,
— сказала Дзмітрук. — Судова‑медыцынская экспертыза ўстанавіла, што цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі лёгкіх, што мела вынікам кароткачасовае расстройства здароўя. Акрамя таго, на целе хлопчыка былі выяўлены іншыя цялесныя пашкоджанні, апрача нанесеных яму 3 мая».
Як паведаміла Дзмітрук,
па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх хлопчык адабраны ў бацькоў і змешчаны ў прытулак.
Гэта адзінае дзіця ў сям’і. Маці і бацька працуюць, на ўліку як асобы, што злоўжываюць алкаголем, не знаходзяцца. Канчаткова дзеянні жанчыны будуць кваліфікаваны па выніках расследавання крымінальнай справы, падкрэсліла прадстаўнік пракуратуры.





