2009 культурны год у Беларусі без сумневу быў годам трусоў. «Чароўны трусік» Юры Дземідовіча: краіна горача абмяркоўвала гэты песню, імпэтна перакладала словы хіта на беларускую мову… Аднак у 2009 трусы панавалі не толькі ў масавай культуры, але і ў прыгожым пісьменстве. Мы — пра бліскучае завяршэнне перакладу дылогіі Льюіса Кэрала, дзе галоўным каталізатарам прыгодаў гераіні, дзяўчынкі Алісы, з’яўляецца белы трус.

На цырымоніі ўручэння першай перакладчыцкай прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» за 2009 год, якая адбылася надоечы ў музеі Максіма Багдановіча, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, начапіўшы белыя вушкі і пухнатага матылька, пэўна, прамаўляў не толькі ад журы, але і ад імя ўсіх «белатрусаў», не забыўшы папулярна патлумачыць феномен гэтага зацікаўлення жыццём зайцападобных:

«Усё, што адбываецца ў Беларусі, адбываецца менавіта вакол трусоў. Вось памятаеце спрэчкі як па-беларуску назваць вядомага мядзведзіка: Веня-Пух, ці Віня-Пых, аднак у кнізе за ўсім гэтым стаіць хто? Правільна, разумны трус. Па-другое, колькі ж краіна абмяркоўвала тое, што спяваў хлопчык на дзіцячым Еўрабачанні?.. Скажу, што мы чароўныя і белыя трусы, гэта не толькі 130 кг жывой вагі, але і аб’ект варты для апявання».

Паэтка і перакладніца Вера Бурлак не толькі пераклала празаічную частку «Алісы ў Залюстроўі» і але і абеларусіла вядомыя абсурдысцкія вершы Кэрала, (згадаем хаця б верш «Брылела слюткія джгуркі»), якія з’яўляюцца неад’емнай часткай казкі. У дадатак Бурлак прыдумала беларускія адпаведнікі для ангельскіх Tweedledum і Tweedledee, (рас. Труляля і Траляля) — Гутата і Гуляля, і ўдала вынайшла Мармазяўра (ён жа англійскі Jabberwocky (Джабервокі) або расійскі Бармаглот).

Пераможцам прэміі ў галіне паэтычнага перакладу зрабіўся Антон Францішак Брыль. Ён атрымаў прэмію за абеларушванне урыўкаў са старажытнага эпасу «Бэўвульф». Дарэчы, для Антона Францішка Брыля, цяперашняга дублінца, перамога была поўнай нечаканасцю.

«Я ж пераклаў толькі траціну паэмы», — прызнаўся Антон Францішак Брыль па інтэрнэт-сувязі, якую наладзілі проста падчас імпрэзы. Аднак спаборнік Брыля па шорт-лісце знаны пераклачык і паліглот Лявон Баршчэўскі зазначыў, што Брылёвы пераклад старажытнага эпасу, які фактычна зрабіўся падімуркам для сучаснай ангельскай паэзіі — «надзвычай важны для беларускай літаратуры», і дадаў, што калі нават атрымаў бы перакладчыцкую прэмію ён, дык усё адно пераадрасаваў бы яе перакладніку стараангельскага эпасу.

Дарма што А.Ф. Брыль знаходзіўся ў Дубліне ў працоўнай лабараторыі сярод іншых працаўнікоў, ён на радасць прысутных у мінскім музеі зачытаў некалькі ўрыўкаў з «Бэўвульфа».

Апошняя ўладальніца перакладчыцкай прэміі — Ганна Янкута ў намінацыі за найлепшую публікацыю ў часопісе «ПрайдзіСвет» за пераклады Чарлза Дыкенса, Пэсоа ды інш. За важкі ўнёсак у развіццё школы перакладу адмысловая прэмія «Пячатка Майстра» адышла карыфею, тлумачу гётэўскага «Фауста» і аўтару беларускай версіі Святога Пісьма, Васілю Сёмуху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?