Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня накіруецца з візітам у Азербайджан. Пра гэта паведаміў сёння спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з азербайджанскай парламенцкай дэлегацыяй у Мінску.

«Думаю, нашым узаемаадносінам будзе нададзены новы імпульс развіцця», — заявіў ён.

Андрэйчанка паведаміў, што ў Беларусі »ў цэлым задаволены адносінамі з Азербайджанам». «Вельмі важна, што, нягледзячы на эканамічны крызіс у свеце, наш тавараабарот у 2009 годзе не толькі не ўпаў, але нават крыху падрос», — сказаў спікер.

Старшыня камісіі парламента Азербайджана па міжнародных адносінах і міжпарламенцкіх сувязях Самед Сеідаў паведаміў, што візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан «вялікі гонар». Паводле яго слоў, кіраўніцтва дзвюх краін робіць усё для развіцця эканамічных, палітычных, культурных адносінаў.

Сеідаў адзначыў, што Беларусь з’яўляецца стратэгічным партнёрам Азербайджана па многіх кірунках. »Мы можам не толькі развіваць узаемаадносіны, але і паказваць прыклад іншым дзяржавам, як развіваць эканоміку», — сказаў ён.

Нагадаем, 25 мая пасол Азербайджана ў Беларусі Алі Тэймур аглы Нагіеў паведаміў журналістам, што падчас візіту Лукашэнкі ў Баку кіраўнікі дзвюх краін плануюць абмеркаваць »шырокае кола пытанняў». Чакаецца, у прыватнасці, што прэзідэнты разгледзяць супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Нагіеў падкрэсліў, што спецыялісты Азербайджана і Беларусі ўжо абмяркоўвалі гэтую тэму. »Тут ніякіх пытанняў няма, трэба знайсці пункты сутыкнення, якія будуць выгадныя абодвум бакам», — сказаў пасол. Паводле яго слоў, Азербайджан гатовы ўдзельнічаць у розных энергетычных праектах, сярод якіх «Набука» і «Адэса — Броды».

Аляксандр Лукашэнка наведаў Азербайджан з афіцыйным візітам у маі 2007 года. Тады быў падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі і пакет пагадненняў аб узаемадзеянні ў розных сферах.

Ільхам Аліеў наведаў Беларусь у лістападзе 2009 года.

Паводле звестак прэс‑службы Палаты прадстаўнікоў, у 2009 годзе ўзаемны тавараабарот склаў 124,6 млн. даляраў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2008 годам на 11,6%. Паводле вынікаў студзеня—сакавіка 2010 года тавараабарот паміж краінамі склаў 42,8 млн. даляраў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года вырас на 27,8%.

Трэба адзначыць, што сёння ў Баку праходзіць шостае пасяджэнне міжурадавай беларуска‑азербайджанскай камісіі па гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве пад старшынствам першага віцэ‑прэм’ера ўрада Азербайджана Ягуба Эюбава і віцэ‑прэм’ера Беларусі Андрэя Кабякова.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?