Расія мусіць мадэрнізаваць сваю эканоміку і пазбягаць пратэкцыянізму, каб атрымаць доступ да заходніх інвестыцыяў, заявілі ў аўторак прадстаўнікі Еўрасаюза.

Расія і ЕС распачалі праграму па стымуляванні прыцягнення заходніх інвестыцый і тэхналогій, у межах якой Масква павінная сур’ёзна знізіць сваю залежнасць ад прыродных рэсурсаў.

«Расійская мадэрнізацыя мусіць стаць рэальнасцю, і варта прытрымлівацца пэўных мадэляў, каб пазбегнуць пратэкцыянізму», — заявіў старшыня Еўрасаюза Херман ван Ромпей пасля саміту Расіі і ЕС у Растове-на-Доне.

Умяшанне расійскай дзяржавы ў эканоміку, большай часткай якой яна валодае або кантралюе, паўсюднае, і, сцвярджаюць крытыкі, часам вельмі жорсткае. У прыватнасці, у апошнія гады цэны штучна падтрымліваліся ва ўразлівых сектарах сельскай гаспадаркі.

У той жа час, невялікі прагрэс назіраецца ў іншых галінах адносінаў паміж Расіяй і ЕС, напрыклад, скасаванне візавых патрабаванняў.
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія «гатовая скасаваць візы хоць заўтра», калі ЕС пагодзіцца зрабіць тое самае, і запэўніў, што гэта не будзе ўяўляць ніякай пагрозы для бяспекі Еўропы.

Чыноўнікі ЕС, аднак, адмовіліся сказаць штосьці пэўнае і ўстрымаліся ад каментароў па прапанове Расіі.

Дз. Мядзведзеў таксама заклікаў ЗША паскорыць далучэнне Масквы да Сусветнай гандлёвай арганізацыі:

«Сяброўства ў СГА не морква, якую выдаюць за добрыя паводзіны, гэта неабходны крок, які мусіць зрабіць Расія, каб стаць паўнапраўным удзельнікам сусветнага эканамічнага працэсу».

Расія — адзіная краіна з Групы дваццаці (G-20), якая не ўваходзіць у СГА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?