Нацыянальны банк Беларусі не плануе змяняць структуру сваіх валютных рэзерваў у сувязі з ваганнямі курсаў сусветных валют. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення міжнародных аперацый Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

«Мы пакуль не плануем рабіць рэзкіх крокаў па змяненню структуры валютных рэзерваў, бо ў выніку можам двойчы страціць», — сказаў Тарас Надольны.

Ён растлумачыў, што ў гэтым пытанні Нацыянальны банк Беларусі арыентуецца на валютную структуру знешнегандлёвага балансу краіны (цяпер больш здзелак праводзіцца ў далярах ЗША). Нагадаем, галоўны банк захоўвае валютныя рэзервы ў еўра, далярах ЗША, расійскіх рублях і кітайскіх юанях. Працэнтныя суадносіны гэтых валют у агульным аб’ёме рэзерваў Нацбанк не называе.

«Нацыянальны банк Беларусі застаецца кансерватыўным у падыходах да змянення структуры рэзерваў. Дзеючая фактычная валютная структура цалкам адпавядае зацверджанай у Нацыянальным банку нарматыўнай валютнай структуры. У сувязі з гэтым, а таксама ў сувязі з нявызначанасцю на сусветным фінансавым рынку, мы не бачым неабходнасці рэзка рэагаваць на ваганні пары «даляр — еўра», — адзначыў спецыяліст Нацбанка.

Як паведамляюць інфармагенцтвы, у сувязі з цяперашнімі ваганнямі курсаў даляра і еўра цэнтрабанкі шэрага краін прынялі рашэнне аб продажы часткі сваіх рэзерваў у еўра і скупцы даляраў ЗША і золата. Напрыклад, спецыялісты фінансавых рынкаў адзначаюць, што арабскія дзяржавы Персідскага заліва пачалі пазбаўляцца ад еўра. Разам з тым аналітыкі мяркуюць, што зніжэнне еўра на гэтым этапе вычарпала сябе. У сённяшнім курсе адзінай валюты адносна амерыканскага даляра ўжо закладзены ўвесь магчымы негатыў. Валюта вельмі перапрадана. У сувязі з гэтым чакаецца разварот пары «еўра — даляр» на ўзыходны пад’ём курсу еўра.

Курс беларускага рубля адносна карзіны замежных валют з пачатку года ўмацаваўся на 1,04 працэнта і з 4 чэрвеня ўстаноўлены на ўзроўні Br1025,52.

Паводле звестак Нацыяльнага банка Беларусі, з пачатку года даляр ЗША ўмацаваўся адносна беларускага рубля на 4,96%, еўра знізіўся на 10,14%, расійскі рубель умацаваўся на 2,76%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?