Літва мае намер працягваць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ) да таго часу, пакуль не з’явіцца магчымасць аднавіць працу ВНУ ў Мінску. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс на 3‑й асамблеі донараў Мэтавага фонду ЕГУ ў Вільнюсе.

Як паведамляе прэс‑служба літоўскага МЗС, міністр заявіў, што рашэнне Літвы запрасіць ЕГУ у Вільню «грунтуецца на дэмакратычных каштоўнасцях, паважанні свабоды і правоў чалавека», а місія ЕГУ «без падтрымкі партнёраў немагчыма».

Ажубаліс падзякаваў прадстаўнікам Еўракамісіі і Савета міністраў Паўночных краін, якія з’яўляюцца найбуйнейшымі донарамі універсітэта, і выказаў надзею, што іх падтрымка не паменшыцца. «ЕГУ — адзін з найбольш яркіх міжнародных праектаў па аказанні дапамогі дэмакратыі, рэалізацыя якога стала магчымай толькі дзякуючы вашаму ўнёску», — звярнуўся ён да ўдзельнікаў канферэнцыі донараў.

Кіраўнік МЗС Літвы адзначыў, што ЕГУ — «важны цэнтр захавання і развіцця беларускай культуры і самабытнасці». Таму, на яго думку, варта павялічыць колькасць прадметаў, якія выкладаюцца на беларускай мове.

У 2004 годзе ЕГУ быў закрыты беларускімі ўладамі па палітычных матывах. Паводле запрашэння ўрада Літвы ў 2005 годзе ВНУ аднавіла дзейнасць у Вільні, а ў 2006 годзе — атрымала статус літоўскага універсітэта. Зараз у ЕГУ вучыцца больш за 1 тыс. 500 беларускіх студэнтаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?