Сэкс у вялікім горадзе 2 (Sex and the City 2)

ЗША, 2010, каляровы, 146 хв.

Рэжысёр: Майкл Патрык Кінг

Ролі выконваюць: Сара Джэсіка Паркер, Крысцін Дэвіс, Сінція Ніксан, Кім Кэтрал, Крыс Нот

Жанр: Набор жаночых фетышаў

Адзнака: 2 (з 10)

Чатыры смелыя сяброўкі з вялікага гораду адпраўляюцца ў Арабскія Эміраты падрываць тамашнюю мараль…

Яны ізноў тут. Языкастая Кэры, якая высмейвае ўласны шлюб, Міранда — якая змагаецца за жаночую працу; Шарлота (самая глупая з усёй кампаніі) — якая ахвярна сплаўляе дзяцей грудастай няні. І, нарэшце, бландзіністая Саманта — якая не баіцца ні Бога, ні чорта, ні, самае галоўнае — цяжарнасці. Яны прыйшлі паказаць нам ліберальныя радасці модных жанчынаў.

Не хачу паказацца няветлівым — але гэта радасці старэчага сэксу.

І праблема не ў тым, што стужка другасная частка благой копіі тэлесерыялу. І нават не ў тым, што змагаркі сэксуальнае рэвалюцыі дасягнулі 50-годдзя.

Проста культ самазацятага геданізму — гэта заўжды старасць.
Старасць Рыму, які абваліўся пад націскам барбараў; старасць ракакошнай францускай арыстакратыі, абезгалоўленай гільятынай.

Фінальныя блясткі сучаснай раскошы: гламурнае вяселле салодкіх геяў (з вычапленай для гэтага шчасця сапраўднай Лайзай Мінэлі); пазалочаныя апартаменцікі са слугамі; стракатыя фарбачкі ўсходняга кірмашу; пантофлікі, сукеначкі, хустачкі, валізачкі, кактэйлікі і — рэвалюцыйны крок — кандомчыкі ў кабеціным пашпарце.

На вялікім экране — бліскучая пустата. Яны крычаць і пляткараць. Яны змагаюцца з патрыярхатам. Яны цешаць сябе надзеяй, што паняволеныя жанчыны пад паранджой употайкі носяць веснавую калекцыю 2010 (спадзявайцеся надалей).

Але ва ўласнай кватэры яны ўжо толькі служанкі стомленае вінтажнасці.

Бяздзетная Кэры злякана прызнаецца, што варта прытрымлівацца традыцыі, хаця й стасаваць яе пад сябе.

Ці не спазнілася, панначка? Клімакс ужо за вуглом.

Кінатэрміны

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?