Ізраільская авіякампанія «Эль Аль/Сандор» аднаўляе рэгулярныя рэйсы з Тэль‑Авіва ў Мінск, паведамілі ў пасольстве Ізраіля ў Беларусі.

Першы самалёт Boeing 737 кампаніі Sun D’or International Airlines («Сандор»; даччыная кампанія ізраільскай «Эль Аль») вылеціць з Тэль‑Авіва вечарам пятніцы. Рэгулярныя рэйсы кампаніі «Эль Аль» у Мінск не ажыццяўляліся з лістапада 2008 года.

З улікам рэйсаў беларускай авіякампаніі »Белавія» палёты па маршруце Тэль‑Авіў — Мінск — Тэль‑Авіў будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень.

У выпадку неабходнасці ізраільская кампанія разгледзіць магчымасць павелічэння колькасці рэйсаў. Палёты будуць ажыццяўляцца на самалётах Boeing 737 и 757. Кампанія Sun D’or International Airlines была заснавана як філіял »Эль Аль», што спецыялізуецца на чартэрных рэйсах. Летась яна пачала ажыццяўляць камерцыйныя рэгулярныя рэйсы ў Растоў і Сочы, зараз да іх дадаліся рэйсы ў Рыгу, Вільню і Мінск.

Пасольства нагадвае, што ў ліпені 2009 года падчас візіту ў Беларусь міністра турызму Ізраіля Стаса Місежнікава было падпісана пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб супрацоўніцтве ў сферы турызму. Яно прадугледжвае ў тым ліку павелічэнне колькасці авіярэйсаў паміж краінамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?