Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па гэтай справе, злачынства было ўчынена ў вёсцы Трасцяніца Камянецкага раёна, дзе адзін пражываў 82-гадовы пенсіянер.

Унук прыйшоў да яго вечарам 7 сакавіка з двума прыяцелямі, аднаму з якіх 20 гадоў, другому — 31. Калі пенсіянер пачуў грук у дзверы і выйшаў на ганак, яму на галаву накінулі куртку, каб ён не ўбачыў унука, і сталі збіваць.
Затым збіванне працягвалася ў доме. Паводле даных следства, ахвяры было нанесена больш за 80 цялесных пашкоджанняў.

Збіўшы старога, злачынцы абшукалі дом, знайшлі 40 тысяч рублёў, банку рыбных кансерваў і дзве пляшкі гарэлкі, якую распілі ў доме ахвяры. Затым яны паклалі мёртвага пенсіянера на ложак, папярэдне знялі ў яго абутак і сцерлі з твару кроў, каб стварыць бачнасць натуральнай смерці, пасля чаго ўцяклі з месца злачынства.

Брэсцкі абласны суд прызнаў усіх трох вінаватымі ва ўчыненні злачынства па артыкуле "забойства яўна састарэлай асобы, учыненае групай асоб з асаблівай жорсткасцю і спалучанае з разбоем". Унук забітага прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое ж пакаранне атрымаў яго 20-гадовы саўдзельнік. Трэці забойца правядзе за кратамі 16 гадоў. Ва ўсіх будзе канфіскавана маёмасць.

Законную моц прыгавор пакуль не набыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?