Алімпійскія медалі беларускім атлетам каштавалі каля $500 тыс., паведаміў 13 чэрвеня ў эфіры праграмы «Контуры» тэлеканала АНТ сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне Вадзім Дзевятоўскі.

Менавіта ў такую суму абышлася цяжба, якая працягвалася з канца жніўня 2008 года, калі спартсменам былі аб’яўлены станоўчыя вынікі іх допінг‑проб, узятых на Алімпіядзе ў Пекіне. Беларусы Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан настойвалі на сваёй невінаватасці і заяўлялі, што ў пекінскай лабараторыі былі дапушчаны грубыя парушэнні.

«На суды патрачана прыкладна паўмільёна даляраў. Дзве справы былі абсалютна розныя, але ў чым парадокс — аналізы вельмі падобныя, у тым ліку па канцэнтрацыі тэстастэрону. Важна, што нам аказвалі дапамогу. Дзякуй тым людзям, якія паверылі нам.

Гэта справа паказала, што беларусы, аб’яднаўшыся, уяўляюць вялікую сілу. Салідарнасць дарагога вартая»,

— сказаў Вадзім Дзевятоўскі.

Успамінаючы тыя падзеі, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў адзначыў, што спачатку не збіраўся аддаваць заслужана заваяванае серабро (па рашэнню МАК трэба было вярнуць медалі неадкладна), але калі даведаўся аб прычынах здарэння, каб пазбегнуць санкцый, у тым ліку для Беларусі, прывёз медаль у Нацыянальны алімпійскі камітэт, дзе ён цяпер і знаходзіцца.

Нагадаем, вердыкт Спартыўнага арбітражнага суда (САS) у Лазане, дзе атлеты аспрэчвалі рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК аб пазбаўленні іх алімпійскіх медалёў, быў вынесены 10 чэрвеня. Такім чынам, сярэбраная ўзнагарода Вадзіма Дзевятоўскага і бронза Івана Ціхана ў кіданні молата засталіся за беларусамі. Рашэнне арбітражнага суда, прынятае на карысць беларускіх спартсменаў, выйшла на 77 лістах і апублікавана на афіцыйным сайце САS. У адпаведнасці з ім атлетам павінны пакрыць урон у памеры 50 тыс. еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?