Калі беларус не едзе ў Іран, дык Іран ідзе да беларуса. Гэтак пастанавілі ў іранскім пасольстве ў Рэспубліцы Беларусь і 14 чэрвеня ў мінскім Палацы мастацтва распачалі тыдзень іранскай культуры.

1. Невядомы Іран

Вытанчаныя арабескі, разьбяныя арнаменты і тканыя кілімы. Увесь (вы)творчы працэс адбываецца на вашых вачах, і сёе-тое можна нават атрымаць у дарунак. Для ўдзелу ў гэтай культурнай падзеі ў Мінск з Ірану прыехалі больш за 50 майстроў: разьбяры, каліграфы, мастакі, ганчары.

Палац мастацтва ў дзень адкрыцця іранскай імпрэзы нагадваў хутчэй усходні базар. На выставе пахаджвалі жанчыны ў стракатых хустках (сярод іх былі не толькі іранкі, але і беларускі) і падкрэслена элегантныя смуглявыя мужчыны. Былі людзі ў бедуінскіх балахонах і мужчыны у чалмах. Акрамя іранцаў адкрыццё наведалі прадстаўнікі арабскай, армянскай, азейрбайджанскай і турэцкай дыяспараў. На сустрэчы былі заўважаныя Лідзія Ярмошына ды іншыя дзяржслужбоўцы.

2. ...Заміж персідскага ўзора

Іранцы гасцінна віталі наведнікаў: налівалі цынамонавую гарбату і трактавалі ўсходнімі слодычамі, намагаючыся, каб сярод буяння персідчыны беларусы пачуваліся як дома: напрыклад, падчас абвяшчэння чарговага выступоўцы са сцэны было сказалі, што зараз выступіць «прадстаўнік Тэгеранскага гарвыканкаму».

І тчэ, забыўшыся, рука… На выставе можна было пабачыць арыгінальныя персідскія паясы, з якіх у свой час бралі прыклад слуцкія ткачы. З ласкавай згоды тэгеранскай майстрыхі дазвалялася падыджэіць на ганчарным коле.

І, вядома, каліграфія. Усім ахвочым пісалі іхняе імя арабскай вяззю. У Іране існуе некалькі школаў каліграфіі: пэндзлямі, адмысловымі палачкамі, а прыгожапісанне як прадмет нават выкладаюць у школе. Мусульманская культура, што гэтак паўплывала на іранскую, забараняе маляванне людскіх твараў. Іранцы не заўсёды пільнаваліся гэтай забароны, таму стваралі шэдэўры як у традыцыйным жывапісе, так і ў маляванні мудрагелістых, працаёмістых арнаментаў. Увогуле, Іран — гэта некалькі тысячагоддзяў культуры, і акрамя мусульманскай культуры на персідскую культуру мелі ўплыў старагрэцкая, цюркская, а таксама рэлігія зараастрызму.

Выстава фотаздымкаў найбольшых турыстычных славутасцяў Ірану: магілы Амара Хаяма, крушняў старажытных гарадоў Міжрэчча і каляровай мазаікі.

На тыдні іранскай культуры можна таксама набыць недарагія, але стылёвыя іранскія тавары. Прыклад: баваўняная арыгінальная кашуля з арнаментам каштуе ўсяго 20 даляраў.

Свята іранскай культуры працягнецца яшчэ пяць дзён і на ім чакаецца шмат культурных падзей. Напрыклад, сёння вечарам (15 чэрвеня) у Палацы мастацтва адбудзецца майстэрскае спяванне нацыянальнага эпасу персідскіх народаў «Шахнамэ».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?