Беларусі мае пяць дзён, каб «каб яны вызначыліся, як паводзіць сябе далей», інакш будуць ужытыя «строгія захады». Падставай стала запазычанасць за газ, што ўтварылася за 2010 год.
Як заўсёды ў Расіі, Лукашэнка быў кампліментарны і выпраменьваў добры настрой. З Пуціным нават жартаваў, што Мядзведзеў яго не пакарміў, таму вячэра з прэм’ера.Як аказалася, пустыя талеркі Мядзведзева былі знакам.
Гарачае пытанне беларуска-расійскіх адносінаў — падпісанне нашай краінай Мытнага саюза. Ён нявыгадны Беларусі, бо абмяжоўвае эканамічную самастойнасць і створыць перашкоды ў інтэграцыі з ЕС. Аднак Лукашэнку спакушала магчымасць працягу энергетычнага гранта ад Масквы.
Беларусь настойвала: калі мы падпісваем Мытны саюз, ніякіх пошлін на энергарэсурсы быць не можа. Расія ж прапануе бязмытную нафту толькі на ўнутрыбеларускія патрэбы. Астатнюю — па рынкавых цэнах.
28 мая прэм'ер-міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса на двухбаковай аснове, бо Сяргей Сідорскі на сустрэчу не прыбыў.
Тым не менш, расійскаму віцэ-прэм’еру Ігару Шувалаву Лукашэнка казаў, што «Беларусь можа пайсці на кампрамісныя рашэнні ў Мытным саюзе пры ўмове раўнапраўных і паважлівых адносін з боку іншых удзельнікаў». Пра магчымасць падпісання гаварыў і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
Сустрэчы Лукашэнкі ў Маскве 11 чэрвеня магло не адбыцца ўвогуле. У той дзень прэзідэнт Мядзведзеў знаходзіўся ў Ташкенце на саміце Шанхайскай арганізацыі, а прэм’ер Уладзімір Пуцін вёў у Парыжы перамовы з Сарказі. Сустрэчу з Лукашэнкам расійскія лідэры прызначылі на глыбокі вечар, які ўжо пераходзіў у ноч. Журналісты прысутнічалі толькі пры першасным абмене рэплікамі.
Прэс-служба Мядзведзева паведаміла, што расійскі бок прапанаваў Беларусі ратыфікаваць пагадненне аб Мытным саюзе, а пытанне аб нафце вырашаць у двухбаковым парадку.У панядзелак у палаце прадстаўнікоў адклалі ратыфікацыю Мытнага кодэкса на няпэўны тэрмін. Пра адсутнасць вынікаў гаварыла і тое, што беларускі кіраўнік ніяк не пракаментаваў свой ваяж.Выглядае, што Лукашэнка не пагадзіўся.
Пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў пятніцу пагрозліва намякнуў, што Расія гатовая ўвесці мытны кантроль на мяжы з Беларуссю. «Мытная мяжа будзе фармавацца па тэрыторыі Расіі і Казахстана з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. Якія складанасці ўзнікнуць пры спробе яе [мяжу] пераехаць, усім зразумела — гэта ветэрынарныя, санітарныя, мытныя і іншыя пытанні», — дадаў ён.
Нарэшце,
у аўторак загаварыў Мядзведзеў. Ён сустрэўся з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам і паставіў Лукашэнку ўльтыматум. У пяцідзённы тэрмін, «з улікам таго, што мы з Беларуссю ўзаемадзейнічаем у партнёрскім ключы», Беларусь мусіць сплаціць каля 200 млн даляраў запазычанасці за газ, пастаўлены ў 2010 годзе. «Калі гэтага зроблена не будзе, тады давядзецца ўжыць строгія меры», – сказаў Мядзведзеў.
Мядзведзеў адзначыў, што Лукашэнка тлумачыць недаплаты «цяжкім фінансавым становішчам». «Але, калі шчыра, цяпер усім цяжка», – адрэзаў Мядзведзеў.
Як лічыць кіраўнік «Газпрома», у Беларусі ёсць сродкі для аплаты доўгу, атрыманыя ад продажу 50% «Белтрансгаза».
На думку большасці аналітыкаў, Расія газавым шантажом хоча загнаць Беларусь у Мытны саюз.
Ніколі раней такі канфлікт не адбываўся перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.Цікава, што апошнім часам мусіруюцца чуткі пра тое, што яны могуць адбыцца ўжо ўвосень, каб не даць Маскве часу разыграць выбарчую карту.
«Добра, што ў нас ёсць чым ваяваць», адзначыў Лукашэнка за некалькі гадзін да заявы Мядзведзева, калі наведваў спецназ КДБ «Альфа».
* * *
Як заявіў Сяргей Мусіенка, аналітык, блізкі да лукашэнкаўскай адміністрацыі, справакаваць заяву расійскага боку магло менавіта нежаданне ратыфікаваць мытныя пагадненні. Але праўдзівая мэта падобных заяваў — «жаданне рэваншу імперыі»,цытуе яго gazeta.ru.
Праз пагрозы расейскага боку беларускія ўлады наўрад ці пойдуць на нейкія саступкі.
«Гэта ўжо ўваходзіць у звычку, што мы вось зараз папагражаем і ўсе спалохаюцца. Мы ўжо стаміліся ад гэтага. Ну няхай адключаць», — заявіў Мусіенка.





